Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАСЫНКАВА́ННЕ,

выдаленне бакавых парасткаў (пасынкаў), якія вырастаюць з пазух лісця надземнай часткі галоўнага сцябла. Пасынкі ў памідора, тытуню выдаляюць пры даўжыні 5—10 см, у сланечніка, кукурузы — 10—15 см. У насеннікаў капусты выдаляюць парасткі вегетатыўныя і з паўторным цвіценнем, у морквы — кветкавыя парасонікі 2—3-га парадку. Узмацняе прыток пажыўных рэчываў да асн. органаў раслін, паскарае выспяванне пладоў і насення.

т. 12, с. 176

ПА́СЫНКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 з мэтай захавання унікальнага ландшафтнага комплексу Пд Бел. Паазер’я. Пл. 104 га. Размешчаны на тэр. нац. парка Нарачанскі, на беразе воз. Нарач. Займае крутыя схілы з драбналессем і сухадольнымі лугамі, дзе ў травастоі дамінуюць стэпавыя і лесастэпавыя віды: крынічнік шыракалісты, гарлянка жэнеўская, асака берагавая, суніцы зялёныя, драсён горны, скочкі атожылкавыя; трапляюцца цыбуля агародная, спаржа лекавая, крынічнік каласісты, танканог шызы і інш., а таксама занесеныя ў Чырв. кнігу гарычка крыжападобная, кураслеп лясны, першацвет вясновы, сон лугавы. З гасп.-каштоўных відаў раслін сустракаюцца ядловец, ляшчына, свідзіна, чаромха, шыпшына сабачая і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 12, с. 176

ПАСЬЕ́ТА ЗАЛІ́Ў Каля зах. берагоў зал. Пятра Вялікага ў Японскім м., каля берагоў Прыморскага краю Расіі. Даўж. каля 50 км, глыб. 17—25 м. Падзяляецца п-вам Крабе на бухту Рэйд «Палады» на З і Кітовы зал. на ПнЗ. Зімой замярзае. Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 0,5 м). На ўзбярэжжы — пас. Пасьет.

т. 12, с. 176

ПАСЬЯ́НС (франц. patience літар. цярпенне),

раскладванне карт па пэўных правілах для забавы або варажбы.

т. 12, с. 176

ПАСЭСІ́ЙНАЕ ПРА́ВА (ад лац. possessio уладанне),

права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.

т. 12, с. 176

ПАСЭСІ́ЙНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

у Расійскай імперыі ў 18—1-й пал. 19 ст. прыгонныя сяляне, замацаваныя за прыватнымі прамысл. прадпрыемствамі (мануфактурамі, фабрыкамі, заводамі) на аснове пасэсійнага права (без права продажу асобна ад прадпрыемства). Катэгорыя П.с. уведзена пры Пятру I у 1721. У іх склад уваходзілі купленыя да прадпрыемстваў сяляне, «вечнаадданыя» (указ 1736), казённыя фабр. рабочыя, перададзеныя ўладальнікам пасэсійных прадпрыемстваў. У 19 ст. ў лік П.с. ўвайшлі т. зв. неадменныя работнікі, што замянілі сабой прыпісных сялян. Ў адрозненне ад звычайных прыгонных П.с. не дазвалялася пераводзіць на с.-г. работы, аддаваць у рэкруты; яны маглі падаваць чалабіцці ў Берг- і Мануфактур-калегіі, якім былі падсудныя. У той жа час іх жорстка эксплуатавалі: грубы пазаэканам. прымус спалучаўся з грашовымі штрафамі і вылікамі. З развіццём капіталізму ўладальнікі пасэсійных прадпрыемстваў імкнуліся пазбавіцца ад П.с. (у 1840 яны атрымалі такое права) і замяніць іх паднявольную працу больш прадукц. працай наёмных работнікаў. Катэгорыя П.с. скасавана пасля адмены прыгоннага права ўказамі 1861 і 1863.

Літ.:

Панкратова АМ. Формирование пролетариата в России (XVII—XVIII вв.). М., 1963.

т. 12, с. 176

ПАСЮКЕ́ВІЧ (Вадзім Іосіфавіч) (н. 23.3.1932, в. Зялёная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

геолаг, адзін з адкрывальнікаў жалезарудных і інш. радовішчаў на Беларусі. Скончыў БДУ (1956). У 1956—98 у Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі (гал. геолаг, з 1976 начальнік). Навук. працы па геал. будове і карысных выкапнях Беларусі, методыцы іх вывучэння. Пад яго кіраўніцтвам адкрыты Аколаўскае, Навасёлкаўскае радовішчы жал. руд, шэраг крыніц мінер., вод, радовішчы буд. матэрыялаў. Удзельнічаў у складанні геал., геамарфалагічных карт і карт карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Геология СССР. Т. 3 (БССР). М., 1971 (у сааўт.);

Геология антропогена Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);

Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.).

т. 12, с. 176

ПАСЮКЕ́ВІЧ (Уладзімір Маркавіч) (н. 1.3.1931, г. Капыль Мінскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1960). З 1963 выкладае ў Бел. АМ. Творам уласцівы выразная дакладнасць пластычнай мовы, гарманічная каларыстычная будова, глыбокая перспектыва. Сярод твораў тэматычныя карціны «На рубяжы Радзімы» (1965), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1968), «Беларусь, 1944 год» (1969), «Родныя пагоркі» (1973), «Народны мсцівец», «Партызанская быль» (1979), «Вечар на Прыпяці» (1980), трыпціх «Вечна жывы» (1981), «Старыцкія партызаны» (1985), «Памяць» (1989); партрэты М.​Савіцкага (1976), маці (1977), «Свіцязянская балада (А.​Міцкевіч)» (1975—78), «У краіне светлай... М.​Багдановіч» (1983), «Я.​Купала і Ц.​Гартны ў Капылі» (1982), Я.​Скрыгана (1986), «Бабка Насця» (1988), малюнкі. З 1990 піша пейзажы: серыі «Поры года», «На прасторах Капыльшчыны» і інш.

Літ.:

Буйвал В.Я. Уладзімір Пасюкевіч: [Альбом]. Мн., 1987.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Пасюкевіч. У краіне светлай... М.​Багдановіч. 1983.

т. 12, с. 176

ПАСЯЎНА́Я ПЛО́ШЧА,

агранамічны і статыстычны паказчык, які адлюстроўвае фактычныя плошчы пасеваў с.-г. культур за вегетац. перыяд. Колькасна адрозніваецца ад рэальнай плошчы пашы, бо ўлічвае магчымасць яе неаднаразовага выкарыстання за с.-г. сезон (напр., пасеў пасляўкосных культур). Адносіны плошчы, занятай адной культурай, да П.п. ўсіх культур (у працэнтах) — структура П.п. (асн. паказчык спецыялізацыі севазвароту). Аптымальная структура П.п. забяспечвае глебаахову, праца- і энергазберажэнне, ахову навакольнага асяроддзя, высокую рэнтабельнасць вытв-сці. На Беларусі рэальная плошча пашы — 5165,7 тыс. га, П.п. — 5124 тыс. га (1999), збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля паловы П.п.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 176