ПАСЮКЕ́ВІЧ (Уладзімір Маркавіч) (н. 1.3.1931, г. Капыль Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1960). З 1963 выкладае ў Бел.АМ. Творам уласцівы выразная дакладнасць пластычнай мовы, гарманічная каларыстычная будова, глыбокая перспектыва. Сярод твораў тэматычныя карціны «На рубяжы Радзімы» (1965), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1968), «Беларусь, 1944 год» (1969), «Родныя пагоркі» (1973), «Народны мсцівец», «Партызанская быль» (1979), «Вечар на Прыпяці» (1980), трыпціх «Вечна жывы» (1981), «Старыцкія партызаны» (1985), «Памяць» (1989); партрэты М.Савіцкага (1976), маці (1977), «Свіцязянская балада (А.Міцкевіч)» (1975—78), «У краіне светлай... М.Багдановіч» (1983), «Я.Купала і Ц.Гартны ў Капылі» (1982), Я.Скрыгана (1986), «Бабка Насця» (1988), малюнкі. З 1990 піша пейзажы: серыі «Поры года», «На прасторах Капыльшчыны» і інш.
Літ.:
Буйвал В.Я. Уладзімір Пасюкевіч: [Альбом]. Мн., 1987.
Г.А.Фатыхава.
У.Пасюкевіч. У краіне светлай... М.Багдановіч. 1983.