Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЖНАРО́ДНЫ САВЕ́Т НАВУКО́ВЫХ САЮ́ЗАЎ (МСНС; International Council of Scientific Unions),

навуковая арг-цыя, якая аб’ядноўвае міжнар. саюзы, нац. навук. ўстановы і асацыяцыі па прыродазнаўчых і дакладных навуках. Бярэ пачатак ад Міжнар. асацыяцыі акадэмій (засн. ў 1899), у 1918—19 рэарганізавана ў Міжнар. даследчы савет, з 1931 сучасная назва. Аб’ядноўвае больш за 20 міжнар. навук. і нац. навук. устаноў розных краін. Садзейнічае правядзенню міжнар. навук. праграм, навук. кангрэсаў і інш. У сістэме савета дзейнічаюць навук. і спецыялізаваныя к-ты па антарктычных і водных даследаваннях, праблемах навакольнага асяроддзя і інш.

т. 10, с. 344

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАПГен. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).

М.М.Пікулік.

т. 10, с. 344

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З БЫЛЫ́Х МАЛАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ (МСБВФ) краін СНД, грамадска-патрыят. арг-цыя. Створана ў 1986 на базе Сав. дзіцячага фонду імя У.І.Леніна (да 1992 наз. «Дзеці вайны 1941—45»). Уваходзяць саветы б. вязняў краін СНД і Прыбалтыкі, у т.л. Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму. Аб’ядноўвае больш за 450 000 малалетніх вязняў фашызму (1999). Асн. задача — сац. абарона б. малалетніх вязняў, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі, Польшчы і інш. месцах прымусовага ўтрымання прафаш. рэжымаў дзяржаў Еўропы. У саюзе ёсць секцыя «Дзеці-вязні — інваліды Вял. Айч. вайны». Вышэйшы орган МСБВФ — з’езд. Цэнтральны савет арг-цыі знаходзіцца ў Маскве, пры падтрымцы германа-бел., -рас. і -ўкр. фондаў «Узаемаразуменне і прымірэнне», з 1992 у Маскве на рус. мове выдаецца газ. «Судьба». Адбылося 8 з’ездаў МСБВФ, у т.л. 4-ы ў г. Брэст (22.6.1995).

Літ.:

Асколкі болю. Брэст, 1999;

Литвинов В.В. Поезд из ночи. Киев, 1989.

М.П.Клімец.

т. 10, с. 344

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ГЕАЛАГІ́ЧНЫХ НАВУ́К (МСГН),

навуковая арганізацыя, якая каардынуе даследаванні глабальных геал. праблем, садзейнічае міжнар. супрацоўніцтву ў галіне навук аб Зямлі. Засн. ў 1961. Членамі саюза з’яўляюцца нац. геал. арг-цыі больш як 110 краін. Мае пастаянныя камісіі, камітэты, кансультатыўныя саветы. Уваходзіць у склад Міжнар. савета навук. саюзаў. Сакратарыят знаходзіцца ў г. Тронхейм (Нарвегія). Разглядаюцца пытанні, звязаныя з выяўленнем і ацэнкай энергет. і мінер. рэсурсаў, небяспечных геал. працэсаў, з праблемамі глабальных змен у прыродзе і ўплыву геал. працэсаў на навакольнае асяроддзе. Выконваюцца: міжнар. праграмы геал. карэляцыі, праекты па мадэліраванні радовішчаў карысных выкапняў, «Цыркум-Атлантык» і інш. Выдае геал. час. «Episodes» («Эпізоды»), 3 1997 у склад саюза ўваходзіць Бел. нац. камітэт геолагаў (штаб-кватэра ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі).

А.А.Махнач.

т. 10, с. 345

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ТЭАРЭТЫ́ЧНАЙ І ПРЫКЛАДНО́Й ХІ́МІІ (International Union of Pure and Applied Chemistry; ІЮПАК),

міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая ўваходзіць у Міжнар. савет навук. саюзаў. Засн. ў 1919. Членамі саюза з’яўляюцца навук. ўстановы (АН, хім. т-вы, н.-д. саветы) 44 краін, 15 краін маюць статус назіральнікаў. Штаб-кватэра ў г. Оксфард (Вялікабрытанія). Асн. задача саюза — каардынацыя даследаванняў, якія патрабуюць міжнар. ўзгаднення, кантролю і стандартызацыі. Ажыццяўляе распрацоўкі агульных прынцыпаў і правіл наменклатуры рэчываў, тэрміналогіі, сімволікі, адзінак вымярэнняў, якія выкарыстоўваюць у хіміі; займаецца стварэннем эталонаў і стандартных метадаў для навук. даследаванняў, хім. вытв-сцей, сельскай гаспадаркі, медыцыны, зборам, аналізам і публікацыяй дакладных колькасных даных у галіне хіміі і хім. тэхналогіі. Саюз выдае часопісы: «Chemistry International» («Міжнародная хімія»), «Pure and Applied Chemistry» («Тэарэтычная і прыкладная хімія»), «International Newsletter on Chemical Education» («Міжнародныя навіны хімічнай адукацыі»). Праводзіць штогадовыя навук. кангрэсы па актуальных праблемах сучаснай хіміі.

Т.Т.Лахвіч.

т. 10, с. 345

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ЭЛЕКТРАСУ́ВЯЗІ (МСЭ; International Telecommunication Union),

міжнародная спецыялізаваная арганізацыя, якая садзейнічае ўдасканаленню і рацыянальнаму выкарыстанню сродкаў электрасувязі (тэлегр., тэлеф. і радыё). Засн. ў 1865. Да 1932 наз. Міжнар. тэлеграфны саюз, з 1947 спецыялізаваная ўстанова ААН. Месцазнаходжанне — Жэнева. Асн. мэты: каардынацыя ў міжнар. маштабе дзейнасці краін і транснац. карпарацый у галіне эксплуатацыі, мадэрнізацыі і стварэння новых тэлекамунікацый, размеркаванне паміж дзяржавамі радыёчастот і іх рэгістрацыя, распрацоўка мер па ліквідацыі перашкод пры рабоце радыёстанцый і інш. Члены МСЭ больш за 160 дзяржаў (1990), у т.л. Беларусь.

т. 10, с. 345

МІЖНАРО́ДНЫ СУД ААН,

галоўны судовы орган ААН, адзін з 6 асн. органаў гэтай арг-цыі. Засн. ў 1945. Статут суда, які падпісаны 26.6.1945 і набыў сілу 24.10.1945, з’яўляецца неад’емнай часткай Статута ААН. Дзяржавы — чл. ААН аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі Статута М.с. ААН. Вырашае спрэчкі, перададзеныя яму дзяржавамі ў адпаведнасці з нормамі міжнар. права; дае кансультатыўныя заключэнні па прававых пытаннях пры запыце спецыяльна на гэта ўпаўнаважаных міжнар. органаў: Ген. Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН або з дазволу Ген. Асамблеі ААН інш. органаў і ўстаноў ААН. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія выбіраюцца на 9 гадоў Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі АА́Н. Склад суда абнаўляецца на трэць кожныя 3 гады. Кандыдаты ў суддзі вылучаюцца нац. групамі Пастаяннай палаты Трацейскага суда. Сярод членаў М.с. не павінна быць 2 грамадзян з адной дзяржавы. Суддзі дзейнічаюць незалежна ад сваіх урадаў. Правілы разгляду спраў замацаваны ў Рэгламенце суда 1978. Бакамі ў суд. працэсах могуць быць толькі дзяржавы, што далі згоду на разгляд пэўнай справы. Бакі маюць права зрабіць заяву аб прызнанні імі юрысдыкцыі М.с. абавязковай па пэўных катэгорыях спраў або абумовіць выключэнне з кампетэнцыі суда некаторых прававых пытанняў. Працэдура суд. працэсу складаецца з 2 частак: пісьмовай, у якой удзельнікі прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, і вуснай, дзе ў публічным пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаў, адвакаты, сведкі. Рашэнне суда, вынесенае большасцю галасоў суддзяў у закрытым пасяджэнні, з’яўляецца абавязковым для бакоў. Месцазнаходжанне суда — Гаага (Нідэрланды).

Г.М.Івановіч.

т. 10, с. 345

МІЖНАРО́ДНЫ ФОНД СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА РАЗВІЦЦЯ́ (International Fund for Agricultural Development; ІФАД),

спецыялізаваная ўстанова ААН. Засн. ў 1977. Членамі ІФАД з’яўляліся 139 дзяржаў (1985). Мэта ІФАД — мабілізацыя дадатковых сродкаў для развіцця сельскай гаспадаркі ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, праз ажыццяўленне праектаў і праграм, прызначаных для бяднейшага сельскага насельніцтва. 55% першапач. капіталу фонду складаюць узносы развітых краін. Вышэйшыя органы ІФАД: Савет кіраўнікоў (прадстаўнікі краін-членаў), Выканаўчы савет на чале з прэзідэнтам. Месцазнаходжанне — Рым.

т. 10, с. 345

МІЖНАРО́ДНЫ ЦЭНТР НАВУКО́ВАЙ І ТЭХНІ́ЧНАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ (МЦНТІ),

міжурадавая арг-цыя па садзейнічанні развіццю міжнар. сістэмы навук. і тэхн. інфармацыі. Створаны ў 1969 краінамі—членамі Саюза эканам. узаемадапамогі. Членамі (на 1.6.1999) з’яўляюцца 16 краін, у т.л. Беларусь. Цэнтр ажыццяўляе даследаванні і распрацоўкі ў галіне інфарм. тэхналогіі, забяспечвае інфарм. абслугоўванне арг-цый краін, якія ўваходзяць у яго. Месцазнаходжанне цэнтра г. Масква.

т. 10, с. 345

МІЖНАРО́ДНЫ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя А.Дз.Сахарава. Засн. ў 1992 у Мінску як Міжнар. каледж па радыеэкалогіі імя А.Дз.Сахарава. З 1994 Міжнар. ін-т па радыеэкалогіі, з 1999 сучасная назва. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: радыеэкалогіі; радыебіялогіі і экалаг. медыцыны; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1995. Савет па абароне дысертацый па экалогіі з 1999. З 1994 працуе кафедра ЮНЕСКА. Мае: цэнтры Нац. па выпрабаванні біял. актыўнасці хім. злучэнняў, 2 рэсп. па радыяцыйнай і экалаг. бяспецы (інфармавання насельніцтва і навукова-навуч.), лінгвістычны; спец. аддзелы (інфарм.-выдавецкі, тэхн. сродкаў навучання, новых адукац. тэхналогій); н.-д. сектар, у складзе якога 12 лабараторый, у т.л. лабараторыя гістэхналогій; лакальную камп’ютэрную сетку з выхадам у Інтэрнет; навукова-навучальную палявую станцыю ў Хойніках.

т. 10, с. 345