Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІКУ́ЛІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (назва ад в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл.),

эпоха цёплага клімату паміж маскоўскім зледзяненнем (або маскоўскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і валдайскім зледзяненнем у пачатку позняга плейстацэну (ад 115 да 130 тыс. гадоў назад) на тэр. еўрапейскай ч. Расіі. На тэр. Зах. і сярэдняй Еўропы адпавядае рыс-вюрму, земскаму, у Зах. Сібіры — казанцаўскаму міжледавікоўю, на тэр. Беларусі — муравінскаму міжледавікоўю.

А.Ф.Санько.

т. 10, с. 365

МІКУ́ЛІЧ (Аляксей Ігнатавіч) (н. 19.12.1934, в. Жарабковічы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне антрапалогіі, экалогіі і папуляцыйнай генетыкі чалавека. Д-р біял. н. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1963). З 1969 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Навук. працы па міжпапуляцыйным генагеаграфічным размеркаванні спадчынных прыкмет, залежнасці генафонду і стану здароўя сучаснага насельніцтва ад экалагічнай сітуацыі, па этнагенезе і адаптыўных магчымасцях беларускага этнасу. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

А.І.Мікуліч.

Тв.:

Наша генетическая память. Мн., 1987;

Геногеография сельского населения Белоруссии. Мн., 1989;

Прырода чалавека, чалавек у прыродзе. Мн., 1992 (разам з І.С.Гусевай).

т. 10, с. 365

МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),

бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял. Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1959;

Аповесць. Мн., 1985;

Палеская аповесць. Мн., 1991.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985;

Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986.

Т.К.Грамадчанка.

Б.М.Мікуліч.

т. 10, с. 365

МІКУ́ЛІЧ (Уладзімір Андрэевіч) (14.10.1920, в. Палявая Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.1.2000),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1958). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1957). З 1945 на камсам. рабоце. З 1954 1-ы сакратар Мінскага райкома КПБ. У 1963—77 1-ы сакратар Брэсцкага, у 1977—85 Мінскага абкомаў КПБ. У 1985—90 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл. ЦК КПСС у 1981—86. Чл. ЦК КПБ у 1960—90, Бюро ЦК КПБ у 1977—86. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1955—67, 1985—90, Вярх. Савета СССР у 1966—89.

Я.С.Фалей.

т. 10, с. 366

Мікуліч

т. 18, кн. 1, с. 429

МІКУ́ЛІЧЫ,

вёска ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г.п. Брагін, 133 км ад Гомеля, 19 км ад чыг. ст. Хойнікі. 228 ж., 90 двароў (1999). Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (10—12 ст.).

т. 10, с. 366

Мікуліч Надзея Анатольеўна

т. 18, кн. 1, с. 429

МІКУ́ЛІШКІНСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1993). За 500 м на ПнУ ад в. Мікулішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун граніту парфірападобнага з асобнымі крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак (1 × 3 см), біярыту і зернямі ружовага кварцу. Даўж. 2,2 м, шыр. 1,1 м, выш. 2,7 м, у абводзе 6,2 м, аб’ём 6,5 м³, маса каля 17 т. Мае форму кліна. Прынесены ледавіком каля 20 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі.

В.Ф.Вінакураў.

т. 10, с. 366

МІКУ́ЛЬСКІ (Сямён Пятровіч) (15.9.1896, в. Ківачына Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.5.1964),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1929, 1934) і Генштаба (1948). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20 і сав.-фінл. 1930—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім, Волхаўскім, Карэльскім, 3-м Прыбалт. і 2-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба, нам. камандуючага арміяй і войскамі Волхаўскай аператыўнай групы, камандзір корпуса, камендант г. Гданьск. У 1946—55 на выкладчыцкай рабоце.

т. 10, с. 366

МІКУ́ЛЬЧЫК (Аляксандр Андрэевіч) (14.8.1882, в. Шацк Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 1918),

бел. паэт. Пісаў на бел. і рус. мовах. Працаваў перапісчыкам, грузчыкам, матросам і інш. У снеж. 1905 — чэрв. 1906 зняволены ў Мінску па падазрэнні ў прыналежнасці да «анархістаў-камуністаў». У 1906—07 у Пецярбургу, потым працаваў у тэатры ў Кіеве. Быў знаёмы з М.Горкім, падтрымліваў творчыя сувязі з У.Дз. Бонч-Бруевічам. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», «Северо-Западный край», «Белорусское слово» (Кіеў), у калектыўным «Зборніку вершаў» (Кіеў, 1913, на рус. мове). Найб. вядомы яго верш «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905), вядомы таксама пад назвай «Беларуская марсельеза». Верш стаў папулярнай рэв. песняй, доўгі час лічыўся народным або ананімным творам, пазней памылкова прыпісаны У.Галубку.

Тв.:

Песни рабочего. СПб., 1906.

А.К.Каўка.

т. 10, с. 366