Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРАЎТВАРЭ́ННЕ,

пераход рэчыва з вадкага або цвёрдага стану ў газападобны; адзін з фазавых пераходаў 1 роду. П. са свабоднай паверхні вадкасці наз. выпарэннем, з паверхні цвёрдага цела — сублімацыяй. У замкнутым аб’ёме П. ідзе да таго часу, пакуль прастора над вадкасцю (цвёрдай фазай) не запоўніцца парай, ціск якой роўны раўнаважнаму пры дадзенай т-ры (ціск насычэння). П. у аб’ёме (кіпенне) абумоўлена ўзнікненнем бурбалак насычанай пары на сценках пасудзіны і іх ростам у аб’ёме вадкасці.

т. 12, с. 93

ПАРАФАРМАЛЬДЭГІ́Д, параформ,

сумесь палімераў фармальдэгіду агульнай ф-лы [—CH2O—]n (n = 8—100); зручная для захоўвання і транспарціроўкі форма фармальдэгіду. Бясколерныя крышталі, 4 120—170 °C. Раствараецца ў вадзе (утварае растворы фармальдэгіду). Атрымліваюць канцэнтраваннем фармаліну ў вакууме. Таксічны: таксічнасць абумоўлена частковай дэполімерызацыяй П. пры захоўванні.

т. 12, с. 93

ПАРАФІ́ЗЫ (ад пара... + грэч. physis узнікненне, вырастанне),

шматлікія ніткі ці адзіночныя клеткі, якія развіваюцца сярод палавых або спараносных органаў у некат. бурых водарасцей, большасці базідыяльных і сумчатых грыбоў, а таксама імхоў. Ахоўваюць гэтыя органы ад мех. пашкоджанняў і высыхання.

т. 12, с. 93

ПАРАФІЛІЯ́,

паралельнае эвалюцыйнае развіццё, тое, што паралелізм.

т. 12, с. 93

ПАРАФІМО́З,

ушчамленне галоўкі палавога члена чалавека і жывёл у звужанай адтуліне крайняй плоці. Прыкметы: боль, ацёк, мацэрацыя і гнойнае запаленне скуры органа і крайняй плоці. Працяглы П. вядзе да ўзнікнення язваў, некрозу. Лячэнне хірургічнае.

т. 12, с. 93

ПАРАФІ́Н (ням. Paraffin ад лац. parum мала + affinis роднасны; названы з-за нейтральнасці да большасці хім. рэагентаў),

сумесь насычаных вуглевадародаў з 18—35 атамамі вугляроду ў малекуле пераважна нармальнай будовы.

Воскападобнае рэчыва без паху, tпл 45—65 °C, шчыльн. 880—915 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе і этаноле, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. У звычайных умовах інертны ў адносінах да большасці кіслот, шчолачаў, галагенаў; азотнай к-той і кіслародам паветра пры 140 °C акісляецца да тлустых кіслот. Атрымліваць дэпарафінізацыяй (напр., сумессю кетонаў з талуолам) масленых дыстылятаў нафты з наступнай ачысткай. Выкарыстоўваюць для прамочвання ўпаковачнай паперы, атрымання сінт. тлустых кіслот, бялкова-вітамінных канцэнтратаў, вырабу свечак (у сумесі з цэрэзінам) парафіналячэння і інш. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.

т. 12, с. 93

ПАРАФІНАЛЯЧЭ́ННЕ, парафінатэрапія,

выкарыстанне парафіну ў лек. мэтах; від фізіятэрапіі.

У П. выкарыстоўваюць абязводжаны белы мед. парафін (нагрэты ці расплаўлены), які аддае цяпло арганізму чалавека, што спрыяе паляпшэнню кровазвароту, рассысанню хранічных ачагоў запалення, узмацняе абмен рэчываў і інш. Робяць П. метадамі наслойвання, мясц. парафінавых ваннаў, сурвэткава-аплікацыйным. Спалучаецца з медыкаментозным лячэннем, ЛФК і інш. Эфектыўна таксама пры траўматычных пашкоджаннях суставаў, у гінекалогіі, отарыналарынгалогіі, хірургіі, уралогіі, касметалогіі і інш.

т. 12, с. 94

ПАРАФІ́НЫ,

гл. ў арт. Насычаныя злучэнні.

т. 12, с. 94

ПАРАФІ́РАВАННЕ МІЖНАРО́ДНАГА ДАГАВО́РА,

пацвярджэнне аўтэнтычнасці тэксту дагавора ініцыяламі ўпаўнаважаных дагаворных дзяржаў, якое сведчыць, што дадзены ўзгоднены тэкст дагавора з’яўляецца канчатковым. Парафіраванне можа адносіцца да ўсяго тэксту дагавора або да асобных яго артыкулаў.

т. 12, с. 94

ПАРА́ФІЯ,

прыход у каталіцкай царкве; акруга, тэрыторыя, што аб’ядноўвае вернікаў, якіх абслугоўваюць святары аднаго храма.

т. 12, с. 94