ПАРАФІ́Н (ням. Paraffin ад лац. parum мала + affinis роднасны; названы з-за нейтральнасці да большасці хім. рэагентаў),

сумесь насычаных вуглевадародаў з 18—35 атамамі вугляроду ў малекуле пераважна нармальнай будовы.

Воскападобнае рэчыва без паху, tпл 45—65 °C, шчыльн. 880—915 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе і этаноле, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. У звычайных умовах інертны ў адносінах да большасці кіслот, шчолачаў, галагенаў; азотнай к-той і кіслародам паветра пры 140 °C акісляецца да тлустых кіслот. Атрымліваць дэпарафінізацыяй (напр., сумессю кетонаў з талуолам) масленых дыстылятаў нафты з наступнай ачысткай. Выкарыстоўваюць для прамочвання ўпаковачнай паперы, атрымання сінт. тлустых кіслот, бялкова-вітамінных канцэнтратаў, вырабу свечак (у сумесі з цэрэзінам) парафіналячэння і інш. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)