ПАРАНА́ (Paraná, на мове індзейцаў гуарані — вялікая рака),
рака ў Бразіліі, Парагваі і Аргенціне (часткова служыць мяжой паміж імі), другая па велічыні ў Паўд. Амерыцы (пасля р. Амазонка). Даўж. ўласна П. (без эстуарыя) 4380 км, пл. басейна 2663 тыс. км² (з р. Уругвай 2970 тыс. км²). Утвараецца ад сутокаў рэк Рыу-Гранды і Паранаіба, якія пачынаюцца на Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. У верхнім цячэнні горная, перасякае лававае плато Парана, утварае парогі і вадаспады (Урубупунга выш. да 12 м, Сеты-Кедас выш. да 33 м). Каля г. Пасадас выходзіць на Лаплацкую нізіну, на Пд ад г. Д’ямантэ знаходзіцца вял. ўнутр. дэльта (даўж. каля 130 км), дзе вылучаюцца рукавы і пратокі. Далей П. зліваецца з р. Уругвай у агульнае вусце і ўтварае адзін з найб. у свеце эстуарыяў — заліў Ла-Плата. Гал. прытокі Тыетэ, Паранапанема, Ігуасу, Уругвай (злева), Парагвай, Рыо-Салада, Каракаранья (справа). Жыўленне дажджавое. Разводдзе ад студз. да мая (летнія дажджы ў верхняй ч.), другое павышэнне ўзроўню ў чэрв.—жн. (зімовыя дажджы ў ніжняй ч.). Расход вады 17,5 тыс. м³/с (разам з р. Уругвай 23 тыс. м³/с). Цвёрды сцёк каля 150 млн. т/год, яе мутныя воды прыкметныя ў акіяне на працягу 100—150 км ад берага. Суднаходная да г. Пасадас, пры высокай вадзе — да вусця р. Ігуасу, для акіянскіх суднаў да г. Расарыо (640 км ад вусця). Буйныя ГЭС і вадасховішчы — Ітайпу (найб. ў свеце, 12,6 млн. кВт), Ілья-Салтэйра, Жупія. Гал. гарады: Пасадас, Карыентэс, Санта-Фе, Парана, Расарыо (Аргенціна), на ўзбярэжжы Ла-Платы — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).
т. 12, с. 88
ПАРАНА́ (Paraná),
горад на У Аргенціны. Адм. ц. правінцыі Энтрэ-Рыяс. Засн. ў 1730. У 1853—63 сталіца Аргенціны. Каля 300 тыс. ж. (2000). Порт на р. Парана, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжавыя, жывёлагадоўля). Прам-сць: харч., гарбарна-абутковая, цэментная. Вытв-сць трансп. абсталявання. Рыбалоўства. Ун-т. Абсерваторыя. Музеі.
т. 12, с. 89
ПАРАНАІ́БА (Paranaiba),
рака ў Бразіліі, правы выток р. Парана. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў паўн. адгор’ях гор Сера-да-Канастра, цячэ ў цэнтр. частцы Бразільскага пласкагор’я ў глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады. Бурныя летнія паводкі. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. На П. вадасх. Ітумбіяра.
т. 12, с. 89
ПАРАНАМА́ЗІЯ (ад грэч. пара...+ onoma называю),
стылістычны прыём гукавога збліжэння этымалагічна і семантычна розных слоў у сказе ці суседніх сказах. Выкарыстоўваецца для стварэння гукавых эфектаў у паэт. творах («Сінявокі прашчур // Сяброўку юную гукаў //I рэха, быццам камень з прашчы, // У Нёмнаў падала рукаў» — Р.Барадулін), скорагаворках («Патап пакаваў пакупнікам пакупкі ў пакункі»). З’яву П. часта выкарыстоўваюць для большай выразнасці выказвання, стварэння каламбураў, камічных эфектаў: «Людзі трымаюць ордэр так, як трымаюць ордэн» (А.Вярцінскі. «Гнёзды»). Паводле прынцыпу П. нярэдка фармулююцца загалоўкі публіцыстычных артыкулаў і сатыр. твораў: «Фермы і фірмы», «Камбінатар з камбіната».
І.К.Германовіч.
т. 12, с. 89
ПАРАНДЖА́, фаранджы (араб.),
халатападобная накідка для вуліцы ў жанчын мусульманскіх народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі. Нашэнне П. абумоўлена патрабаваннямі ісламу максімальнага сакрыцця твару і фігуры жанчыны. Мае доўгія несапраўдныя рукавы, замацаваныя канцамі на спіне. Накідваецца на галаву і цалкам скрывае постаць жанчыны; спераду апранаецца чачван — чорная густая валасяная сетка, якая закрывае твар. У некат. інш. мусульм. народаў функцыі П. выконвае чадра.
т. 12, с. 89
ПАРАНДО́ЎСКІ ((Parandowski) Ян) (11.5.1895, г. Львоў, Украіна — 26.9.1978),
польскі пісьменнік, гісторык культуры. Скончыў Львоўскі ун-т (1923). У 1945—48 праф. Люблінскага ун-та. Друкаваўся з 1913. Аўтар кніг і эсэ пра антычнасць («Міфалогія» і «Эрас на Алімпе», абодва 1924; «Алімпійскі дыск», 1933), белетрызаваных біяграфій «Кароль жыцця» (1930, пра О.Уайльда), «Петрарка» (1956), аўтабіягр. рамана «Неба ў агні» (1936), цыклаў лірычных («Сонечны гадзіннік», 1953) і гіст. («Успаміны і сілуэты», 1960) апавяданняў. Праблемы псіхалогіі творчасці ў кн. эсэ «Алхімія слова» (1951). Яго творчай манеры ўласціва спалучэнне асаблівасцей маст. прозы, стылявой вытанчанасці з дакладнасцю гіст., культуралагічнага, філал. даследавання. Пераклаў прозай «Адысею» Гамера (1953) і інш. Выдаў анталогію «Пісьменнікі свету Міцкевічу» (1962). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.
Тв.:
Dzieła wybrane. Т. 1—3. Warszawa, 1957;
Рус. пер. — Избранное. М., 1981;
Мифология: Верования и легенды греков и римлян. М., 1971;
Алхимия слова. Петрарка. Король жизни. М., 1990;
Эрос на Олимпе. М., 1991.
Літ.:
Studenski W. Alchemik słowa: Rzecz o Janie Parandowskim. Г. 1—2. Opole, 1972—74.
С.Дз.Малюковіч.
т. 12, с. 89
ПАРАНІМІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.
Літ.:
Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 89
ПАРАНО́ЙЯ, разумовае расстройства,
хранічны псіхоз з пастаянным сістэматызаваным трызненнем пры адсутнасці наяўных прыкмет зніжэння інтэлекту і выяўленых змен асобы. Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама для вызначэння сцёртых форм псіхозаў у стане трызнення (абартыўная, мяккая П.), вар’яцкіх станаў, якія адрозніваюцца паводле цячэння (вострая, перыяд., хранічная П.) ці па тэме, напр., рэліг., іпахандрычная П., П. кахання, рэўнасці, вынаходніцтва, праследавання і інш. Параноікі могуць учыняць проціпраўныя дзеянні.
т. 12, с. 89
ПАРА́НТРАП (ад пара... + грэч. anthrōpos чалавек),
адзін з найб. стараж. і прымітыўных выкапнёвых гамінідаў, рэшткі якога знойдзены каля в. Сварткранс і Кромдрай у Паўд. Афрыцы. Жылі каля 1—2 млн. гадоў назад, харчаваліся ў асн. расліннай ежай. Адносяцца да аўстралапітэкаў, іншая назва — Australopithecus robustus (аўстралапітэк масіўны). П. больш буйныя за інш. аўстралапітэкавых, мелі адносна вял. галаўны мозг (каля 510 см³). Большасць даследчыкаў лічаць, што П. былі тупіковым адгалінаваннем аўстралапітэкавых, якія не мелі далейшага эвалюц. працягу.
т. 12, с. 89
ПАРАНЯ́Н (Акоп Аванесавіч) (19.11.1843, г. Эдырне, Турцыя — 27.5.1891),
армянскі пісьменнік-сатырык. З 1871 рэдагаваў шматлікія перыяд. выданні. Друкаваўся з 1865 (камедыя «Слуга двух гаспадароў»). Камедыі «Усходні дантыст» (1868), «Ліслівец» (1872), «Дзядзька Багдасар» (1886), «Пасаг» (1887), скіраваны супраць заганнасці нораваў і маралі тагачаснага грамадства. Выступаў у жанры сац.-быт. і паліт. навелы, аповесці, памфлета, фельетона, пародыі, байкі, гумарэскі: зб-кі «Шчыпкі» (1875), «Пагулянка па кварталах Стумбула», «Дзённік Асоса» (абодва 1880), «Смех» (1883), «Ахвяры далікатнасці» (1886). Аўтар кнігі партрэтаў грамадскіх, паліт., культ. і духоўных дзеячаў «Нацыянальныя стаўпы» (т. 1—3, 1874—80). У творах спалучаў добразычлівы гумар і едкі сарказм, гуманізм і ідэі вальнадумства.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1965.
т. 12, с. 89