ПАРАНАМА́ЗІЯ (ад грэч. пара...+ onoma называю),

стылістычны прыём гукавога збліжэння этымалагічна і семантычна розных слоў у сказе ці суседніх сказах. Выкарыстоўваецца для стварэння гукавых эфектаў у паэт. творах («Сінявокі прашчур // Сяброўку юную гукаў //I рэха, быццам камень з прашчы, // У Нёмнаў падала рукаў» — Р.​Барадулін), скорагаворках («Патап пакаваў пакупнікам пакупкі ў пакункі»). З’яву П. часта выкарыстоўваюць для большай выразнасці выказвання, стварэння каламбураў, камічных эфектаў: «Людзі трымаюць ордэр так, як трымаюць ордэн» (А.​Вярцінскі. «Гнёзды»). Паводле прынцыпу П. нярэдка фармулююцца загалоўкі публіцыстычных артыкулаў і сатыр. твораў: «Фермы і фірмы», «Камбінатар з камбіната».

І.​К.​Германовіч.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)