ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),
індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».
2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.
3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.
Літ.:
Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.
Л.А.Гуцаленка.
т. 7, с. 238
ІНДЫВІДУАЛІ́ЗМ,
светапогляд і лад жыцця, у аснове якога ляжыць прызнанне самакаштоўнасці індывіда, яго правоў і свабод, вызначэнне асабістых інтарэсаў і актыўнай дзейнасці па іх рэалізацыі.
У стараж.-грэч. філасофіі сафісты (Пратагор) абвясцілі чалавека мерай усіх рэчаў, а Платон гэтую ролю адводзіў полісу, дзяржаве. У багаслоўскіх канцэпцыях дамінуючым пачаткам выступае бажаство, а чалавечы індывід — яго бледнай копіяй. У канцэпцыях Адраджэння і Новага часу І. становіцца сінонімам разняволення асобы ад феад. пут, сцвярджэння роўнасці, свабоды і годнасці людзей. Асновы навук.-тэарэт. аргументацыі І. закладзены асветнікамі (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Вальтэр, Ш.Л.Мантэск’ё, П.Гольбах, Д.Дзідро, К.Гельвецый, Ж.Ж.Русо і інш), якія даказвалі, што свабода прыватнай уласнасці, ініцыятывы, думкі і дзейнасці чалавека адпавядае яго прыродзе і неад’емным правам. З узнікненнем тэхнагеннай цывілізацыі, бюракратыі ў жыцці зах. грамадстваў узмацняліся антыіндывідуалістычныя тэндэнцыі, маніпуляцыя людзьмі з боку сац. ін-таў, дамінаванне арг-цый над асобай. сацыялізацыі над індывідуалізацыяй. Марксісцкае вучэнне надае прымат грамадству, калектыву над індывідам, І. з’яўляецца крыніцай фарміравання аўтаномнай, ініцыятыўнай асобы. Такая лінія развіцця і паводзін індывіда не процістаіць, а цесна ўзаемадзейнічае з разумнымі формамі калект. дзеянняў, элементамі грамадзянскай супольнасці.
Літ.:
Индивидуализм и солидарность в трактовке западногерманских социал-демократов. М., 1991;
Рэнд А Концепция эгоизма: Пер. с англ. СПб., 1995.
Л.А.Гуцаленка.
т. 7, с. 238
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст. брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч. працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.
В.С.Болбас.
т. 7, с. 238
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,
непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб. поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.
Літ.:
Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;
Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;
Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.
Л.А.Гуцаленка.
т. 7, с. 239
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
тып вытворчасці, які характарызуецца адзінкавым вырабам прадукцыі разнастайнай і непастаяннай наменклатуры. Да І.в. адносяцца прадпрыемствы, што вырабляюць буйныя турбіны, пракатныя станы, судны, унікальныя станкі, металург і горнае абсталяванне, а таксама рамонтныя і доследныя з-ды. У адрозненне ад масавай вытворчасці і серыйнай вытворчасці пры І.в. дапускаецца нерэгламентаваны рух вырабу па рабочых месцах і свабодны рытм работы. Працэс вытв-сці кожнага заказу праектуецца індывідуальна. Разнастайная наменклатура прадукцыі, а таксама унікальнасць заказаў патрабуе выкарыстання працы больш кваліфікаваных рабом — універсалаў, спец. абсталявання і прылад.
т. 7, с. 239
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
грамадска карысная самаст. дзейнасць грамадзян. Выкарыстоўваецца ў сферы саматужна-рамесніцкіх промыслаў, быт. абслугоўвання насельніцтва для больш поўнага задавальнення патрэб у таварах і паслугах, павышэння занятасці членаў грамадства, забеспячэння ім магчымасці атрымання дадатковага даходу ў адпаведнасці з затратамі сваёй працы. У шырокім сэнсе — прадпрымальніцкая дзейнасць асобных грамадзян без выкарыстання наёмнай працы.
т. 7, с. 239
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.Хорні, Э.Фром і інш.).
Літ.:
Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;
Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;
Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.
Э.С.Дубянецкі.
т. 7, с. 239
ІНДЫВІДУА́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ ЗАСЦЯРО́ГІ,
комплекс сродкаў для засцярогі ад пападання ў арганізм, на скуру і адзенне (абмундзіраванне) атрутных і радыеактыўных рэчываў, біял. (бактэрыяльных) сродкаў, а таксама для памяншэння ступені паражэння светлавым выпрамяненнем ядз. выбуху. Да іх адносяцца процівагазы, ахоўныя накідкі, панчохі, пальчаткі, прамочанае спец. саставамі абмундзіраванне, спец. камплекты ахоўнага адзення. Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
т. 7, с. 239
ІНДЫВІДУА́ЛЬНЫ АДБО́Р,
адбор асобных арганізмаў (з улікам спадчыннага пастаянства іх прыкмет) па генатыпе з ацэнкай патомства расліны або жывёлы ў шэрагу пакаленняў; форма штучнага адбору. Прызначэнне І.а. — удасканаленне пародных і сартавых якасцей.
т. 7, с. 239