ІНДЫВІДУАЛІ́ЗМ,
светапогляд і лад жыцця, у аснове якога ляжыць прызнанне самакаштоўнасці індывіда, яго правоў і свабод, вызначэнне асабістых інтарэсаў і актыўнай дзейнасці па іх рэалізацыі.
У стараж.-грэч. філасофіі сафісты (Пратагор) абвясцілі чалавека мерай усіх рэчаў, а Платон гэтую ролю адводзіў полісу, дзяржаве. У багаслоўскіх канцэпцыях дамінуючым пачаткам выступае бажаство, а чалавечы індывід — яго бледнай копіяй. У канцэпцыях Адраджэння і Новага часу І. становіцца сінонімам разняволення асобы ад феад. пут, сцвярджэння роўнасці, свабоды і годнасці людзей. Асновы навук.-тэарэт. аргументацыі І. закладзены асветнікамі (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Вальтэр, Ш.Л.Мантэск’ё, П.Гольбах, Д.Дзідро, К.Гельвецый, Ж.Ж.Русо і інш), якія даказвалі, што свабода прыватнай уласнасці, ініцыятывы, думкі і дзейнасці чалавека адпавядае яго прыродзе і неад’емным правам. З узнікненнем тэхнагеннай цывілізацыі, бюракратыі ў жыцці зах. грамадстваў узмацняліся антыіндывідуалістычныя тэндэнцыі, маніпуляцыя людзьмі з боку сац. ін-таў, дамінаванне арг-цый над асобай. сацыялізацыі над індывідуалізацыяй. Марксісцкае вучэнне надае прымат грамадству, калектыву над індывідам, І. з’яўляецца крыніцай фарміравання аўтаномнай, ініцыятыўнай асобы. Такая лінія развіцця і паводзін індывіда не процістаіць, а цесна ўзаемадзейнічае з разумнымі формамі калект. дзеянняў, элементамі грамадзянскай супольнасці.
Літ.:
Индивидуализм и солидарность в трактовке западногерманских социал-демократов. М., 1991;
Рэнд А Концепция эгоизма: Пер. с англ. СПб., 1995.
Л.А.Гуцаленка.
т. 7, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)