ПАЎЛО́ВІЧ (Мікалай Браніслававіч) (15.7.1897, в. Мазурына Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 26.6.1973),
контр-адмірал (1944). Канд. ваенна-марскіх н. (1942), праф. (1951). Скончыў Марскі корпус у Петраградзе (1917). Служыў на караблях Балт. флоту, камандаваў тральшчыкам, эсмінцам. З 1931 выкладаў у Ваенна-марской акадэміі (ВМА). У сав.-фінл. вайну 1939—40 нам. камандзіра і нач. штаба атрада асобага прызначэння Балт. флоту. З мая 1941 нач. кафедры ВМА. У час Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944 нач. паходнага штаба камандуючага Паўн. флотам. З 1954 у адстаўцы. Аўтар прац пераважна па тактыцы ВМФ, у т. л. падручнікаў для ваенна-марскіх навуч. устаноў.
Тв.:
Развитие тактики Военно-Морского Флота. Т. 1—4. М., 1990.
Б.Дз.Далгатовіч.
т. 12, с. 207
ПАЎЛО́ВІЧ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 2.7.1930, г. Красілаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі і магнітабіялогіі. Д-р мед. н., праф. (1970). Скончыў Івана-Франкоўскі мед. ін-т (1954). З 1979 у Гродзенскім мед. ін-це (заг. кафедры), з 1998 у Гродзенскім ун-це. Навук. працы па мед. мікрабіялогіі, механізме ўздзеяння магн. палёў на мікраарганізмы, магнітаадчувальнасці і ўспрымальнасці жывых арганізмаў і іх тканак (у т. л. хворых), перыёдыцы росту і біял. актыўнасці магнітаўспрымальных арганізмаў.
Тв.:
Магниточувствительность и магнитовосприимчивость микроорганизмов. Мн., 1981;
Магнитная восприимчивость организмов. Мн., 1985;
Основы иммунологии. 2 изд. Мн., 1998.
т. 12, с. 207
ПАЎЛО́ВІЧ (Уладзімір Свірыдавіч) (н. 25.8.1946, в. Бабы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і фатоніцы раствораў. Распрацаваў люмінесцэнтныя метады даследавання дыпольнай сальватацыі палярных шмататамных малекул, прапанаваў квазічасціцы хістоны для апісання арыентацыйнай калектыўнай вагальнай дынамікі малекул. Даследуе таксама маст. спадчыну і сімволіку Ф.Скарыны.
Тв.:
Новые квазичастицы хистоны и когерентная фотоиндуцированная динамика молекул в полярных неупорядоченных средах // Журн. прикладной спектроскопии. 1998. Т. 65, выд. 2;
Чароўнае святло гравюраў Скарыны // Бел. думка. 2000. Вып. 2.
т. 12, с. 207
ПАЎЛО́ВІЧ (Эдвард Баніфацы Францавіч) (7.6.1825, Тургеляй Вільнюскага пав., Літва — 10.2.1909),
мемуарыст, мастак. Вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. Скончыў Пецярб. АМ. У 1853—56 падарожнічаў па Зах. Еўропе. Вынік яго паездак — брашура «Колькі слоў літвіна» (Парыж, 1857). З 1859 выкладчык гімназіі ў Навагрудку, заснаваў там жаночы пансіён і нядзельную школу для простанароддзя, у 1860 — самадз. т-р, дзе быў рэжысёрам, дэкаратарам, акцёрам. За ўдзел у паўстанні 1863—64 высланы ў Петразаводск, Алонец, Екацярынаслаў. З 1867 у Навагрудку, потым у Львове. Падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музея Любамірскіх. У мемуарах «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), «Успаміны. Навагрудак—турма—выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзесяткаў год назад» (абодва 1904), «Двое памятных сутак у Мінску. 1863 г.» (1906) звесткі пра культ.-грамадскае і літ. жыццё Беларусі 1840—60-х г., пра бел. паэта Ф.Савіча, побыт беларусаў. Працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і яго ваколіц, пісаў абразы. Аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881).
А.В.Мальдзіс.
т. 12, с. 207
ПАЎЛО́ВІЧ (Яўген Мікалаевіч) (н. 28.3.1940, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. артыст балета, педагог. Засл. артыст Беларусі (1970). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1959), Мінскі ін-т культуры (1980). У 1959—79 саліст, з 1981 рэжысёр оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1984 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1995 дацэнт). Танцу П. былі ўласцівы строгае следаванне патрабаванням класічнай формы, мяккая лірычная манера. Сярод лепшых партый: Альберт («Жызэль» А.Адана), Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Золушка» С.Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Гармодый («Спартак» А.Хачатурана). У опернай студыі Акадэміі музыкі паставіў оперы «Алеся» Я.Цікоцкага, «Сельскі гонар» П.Масканьі, «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ і інш., кампазіцыю «Мая Кармэн» па оперы «Кармэн» Бізэ.
А.І.Калядэнка.
т. 12, с. 208
ПАЎЛО́Ў (псеўд. П.Досеў) Тодар Дзімітроў
(14.2.1890, Штып, Македонія — 8.5.1977),
балгарскі філосаф, эстэтык, літ. крытык і грамадскі дзеяч. Акад. Балг. АН (1945). Замежны член. АН СССР (1947), АМ СССР (1959), Герой Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы Балгарыі. З 1932 працаваў у Маскве ў Ін-це гісторыі філасофіі і л-ры, праф. Ін-та чырв. прафесуры. З 1936 у Сафіі. У 1947—62 прэзідэнт Балг. АН. Адначасова ў 1948—52 і з 1960 дырэктар Ін-та філасофіі Балг. АН. Навук. працы ў галіне дыялект. і гіст. матэрыялізму, эстэтыкі, мовазнаўства, метадалогіі навукі, гісторыі балг. грамадства і філас. думкі. Даследаваў пытанні суадносін паміж філасофіяй і мастацтвам, мастацтвам і мараллю. Выступаў супраць філасофіі фрэйдызму, пазітывізму, рацыяналізму і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Избранные философские произведения. Т. 1—4. М., 1961—63;
Изб. тр. по эстетике. М., 1978.
т. 12, с. 208
ПАЎЛО́ЎСКАЯ (Лізавета Іванаўна) (1830, г. Магілёў — 1915),
збіральніца бел. нар. песень. Маці У.Л.Кігна. Скончыла Магілёўскую гімназію. Жыла ў в. Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Склала зб. «Народныя беларускія песні» (выд. ў 1853 на рус. мове ў Пецярбургу пад крыптанімам Е.П.), куды ўвайшлі творы каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай нар. лірыкі, запісаныя ў Быхаўскім пав. Значнае месца ў кнізе адведзена апісанню мясц. вясельнага абраду і тэкстам звязаных з ім песень (пераклады недасканалыя).
Літ.:
Букчин С.В. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 158—160;
Цішчанка І. Адна з першых // Мастацтва Беларусі. 1984. № 10.
т. 12, с. 208
ПАЎЛО́ЎСКІ (Альварэс Іванавіч) (н. 27.7.1937, г. Віцебск),
бел. матэматык і педагог. Канд. фіз.-матэм. н. (1968), праф. (1991). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1961). З 1966 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН БССР. У 1969—81 і з 1987 у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.Танка (з 1987 заг. кафедры). У 1981—87 дырэктар інфарм. выліч. цэнтра Мін-ва асветы Беларусі. Навук. працы па матэм. кібернетыцы, тэарэт. інфарматыцы, методыцы выкладання матэматыкі і інфарматыкі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для школ.
т. 12, с. 208
ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксеевіч) (н. 14.2.1950, пас. Галіцына Адзінцоўскага р-на Маскоўскай вобл.),
бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1998). Скончыў Казанскае вышэйшае танк. каманднае вучылішча (1971), Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1978), Ваен. акадэмію Ген. штаба Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі (1996). З 1971 на камандных і штабных пасадах у Маскоўскай ваен. акрузе. З 1979 у БВА. З 1996 нач. Гал. ўпраўлення пагран. войск Рэспублікі Беларусь, з 1997 старшыня Дзярж. к-та пагран. войск Рэспублікі Беларусь.
т. 12, с. 208