ПАЎЛО́ВІЧ (Яўген Мікалаевіч) (н. 28.3.1940, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. артыст балета, педагог. Засл. артыст Беларусі (1970). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1959), Мінскі ін-т культуры (1980). У 1959—79 саліст, з 1981 рэжысёр оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1984 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1995 дацэнт). Танцу П. былі ўласцівы строгае следаванне патрабаванням класічнай формы, мяккая лірычная манера. Сярод лепшых партый: Альберт («Жызэль» А.Адана), Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Золушка» С.Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Гармодый («Спартак» А.Хачатурана). У опернай студыі Акадэміі музыкі паставіў оперы «Алеся» Я.Цікоцкага, «Сельскі гонар» П.Масканьі, «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ і інш., кампазіцыю «Мая Кармэн» па оперы «Кармэн» Бізэ.
А.І.Калядэнка.
т. 12, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)