Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЛЕ́НАЎ (Васіль Дзмітрыевіч) (1.6.1844, С.-Пецярбург — 18.7.1927),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1926). Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў П.Чысцякова і І.Крамскога, скончыў Пецярбургскую АМ (1871), у 1882—95 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1872—76 пенсіянер АМ у Італіі, Францыі, Германіі; працаваў у духу салоннага акадэмізму на тэмы зах.-еўрап. гісторыі («Права пана», 1874, і інш.). У 1876 мастак-карэспандэнт на серба-чарнагорска-тур. вайне, у 1877—78 — на руска-тур. З 1878 чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Зазнаў уплывы А.Саўрасава і Ф.Васільева. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, у які прыўносіў жанравы і лірыка-асацыятыўны пачатак. У творах, якія вызначаліся кампазіцыйнай завершанасцю, дакладнасцю малюнка і свабоднай манерай пісьма, адзін з першых у рус. жывапісе перадаў пленэрную свежасць каларыту, увасобіў натуральнасць матыву рас. прыроды, непарыўна звязанай са штодзённым жыццём чалавека: «Маскоўскі дворык», «Бабулін сад» (абодва 1878), «Зарослая сажалка» (1879), «Залатая восень» (1893) і інш. Звяргаўся і да евангельскіх сюжэтаў, якім часта надаваў жанравую ці пейзажную афарбоўку («Хрыстос і грэшніца», 1886—87), да гуманіст. («Хворая», 1886) і рэв. («Барыкады на Садовай», 1905) тэматыкі. З 1873 афармляў спектаклі Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.І.Мамантава. У 1910—18 вёў у Маскве асветную дзейнасць па арганізацыі нар. тэатра. З 1917 жыў у сядзібе Барок (цяпер Паленава Тульскай вобл.), дзе стварыў маст. музей.

В.Паленаў Бабулін сад. 1878.

т. 11, с. 547

«ПАЛЕ́НТЫ»,

бел. нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 м адна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».

Я.Р.Вількін.

т. 11, с. 548

ПАЛЕ́РМА (Palermo),

горад у Італіі, на ПнЗ в-ва Сіцылія. Адм. цэнтр вобл. Сіцылія і прав. Палерма. Каля 740 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Тырэнскім м. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т.л. суднабуд., суднарамонтная, с.-г., эл.-тэхн., радыёэлектронная; дрэваапр., мэблевая, паліграф., цэм., харчасмакавая. Ун-т (з 1777). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Оперны і драм. тэатры. Турызм. Зімовы курорт. Штогадовыя міжземнаморскія кірмашы.

Засн. фінікійцамі. У 5—3 ст. да н.э. гал. цэнтр карфагенян у Сіцыліі. У 254 да н.э. заваяваны Рымам, у 535 н.э. — Візантыяй, у 1-й пал. 9 ст. — арабамі, у 1072 — нарманамі. З 1130 рэзідэнцыя каралёў Сіцылійскага каралеўства. З 12 ст. буйны эканам. і культ. цэнтр Паўд. Еўропы. У 1282 пасля паўстання (гл. «Сіцылійская вячэрня») з горада выгнана Анжуйская дынастыя. У час праўлення каралёў Арагона (1302—1479) заняпаў. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1734—1816 сталіца Сіцылійскага каралеўства, размяшчалася рэзідэнцыя віцэ-караля. З 1820 цэнтр рэв. руху за аўтаномію Сіцыліі. Паўстаннем у П. (12.1.1848) пачалася Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі. 27.5.1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі ад улады ісп. Бурбонаў і ўвайшоў у склад Італьян. каралеўства.

У старой частцы П. — касцёлы Сан-Джавані дэльі Эрэміці (каля 1132, мазаікі сярэдзіны 12 ст.) і Мартарана (спалучае рысы раманскага стылю з элементамі араб. і візант. архітэктуры; 1143, мазаікі сярэдзіны 12 ст.), Палацца Рэале (нармандскі палац 11 ст., перабудаваны з араб. крэпасці; перабудаваны ў 16—18 ст., мазаікі 12 ст.), Капэла Палаціна (1130—43, мазаікі 12 ст.), сабор (каля 1170, гал. фасад 14—15 ст., порцік 1465; купал — пасля 1781, паводле праекта Ф.Фугі; кампаніла 12 ст.); палацы Ла Дзіза (1154—60), Ла Куба (1180), К’ярамонце (1307), Абатэлі (1495), касцёлы 17 ст., т-р «Масіма» (1879—97, арх. Дж.Б. і Э.Базіле). У сучасным цэнтры П. (раён Вілануова) — магазін «Рандаца» (1960) і інш. Музеі: археал. нац., Нац. галерэя Сіцыліі, галерэя сучаснага мастацтва, этнагр. Дж.Пітрэ, скарбніца сабора.

Сабор у Палерма. 12 ст.

т. 11, с. 548

ПАЛЕ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі. Існавала ў 1921—39. Утворана 1.3.1921. Пл. 36,8 тыс. км2, нас. 1131,4 тыс. чал. (1931). Цэнтр — г. Брэст-над-Бугам. Падзялялася на 10 паветаў: Брэсцкі, Драгічынскі, Камень-Кашырскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі, Сарненскі, Столінскі. Пасля ўключэння Зах. Беларусі ў склад БССР (1939) на тэр. П.в. ў снеж. 1939 утвораны Брэсцкая і Пінская вобл. Сарненскі і Камень-Кашырскі пав. ўвайшлі ў Валынскую вобл. Украіны.

т. 11, с. 548

ПАЛЕ́СКАЕ ВО́ЗЕРА, Гарадзішча,

Заазер’е. У Пінскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 12 км на ПнУ ад г. Пінск. Пл. 0,96 км2, даўж. 1,6 км, найб. шыр. 1,1 км. Схілы катлавіны пераважна разараныя. Злучана пратокай з р. Ясельда.

т. 11, с. 548

ПАЛЕ́СКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19,

выступленне партызан і насельніцтва Пінскага і Ровенскага пав. супраць аўстра-герм. акупантаў, войск укр. гетмана П.П.Скарападскага і Дырэкторыі за аднаўленне Сав. улады. У кастр. 1918 у раёне Лунінец—Сарны дзейнічалі партыз. атрады. Да канца 1918 яны аб’яднаны ў 1-ы, 2-і Палескія і 1-ы Дубровіцкі палкі і кантралявалі чыг. ўчасткі Сарны—Лунінец—Парахонск. 25.12.1918 у Століне абвешчана Сав. ўлада, перавыбраны Палескі рэўком, створаны Ваен. савет паўстанцкіх камуніст. войск Беларусі і Зах. Украіны. У студз. 1919 паўстанцы вялі баі супраць пятлюраўцаў, якія пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. Ням. камандаванне перадало ўладу ў Пінску войскам урада Дырэкторыі, раззброіла атрады Чырв. Арміі і партызан. У адказ паўстанцы спынілі пропуск ням. эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25.1.1919 Пінск вызвалены і на Зах. Палессі ўстаноўлена Сав. ўлада.

т. 11, с. 548

ПАЛЕ́СКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Палессе. Адкрыта ў 1977. Распрацоўваецца з 1981. Пл. 7 км2. Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну, у цэнтры Рэчыцка-Вішанскай зоны нафтанамнажэння, за 2 км на Пн ад Мармавіцкага радовішча нафты. Паклады прымеркаваны да барычэўскіх пластоў лебядзянскага гарызонту. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2560—2678 м. Калектары — кавернозныя, порыстыя і трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта маласярністая, парафіністая, смалістая, шчыльнасць 875 кг/м³.

У.А.Багіна.

т. 11, с. 549

ПАЛЕ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1938—54. Утворана 15.1.1938. Цэнтр — г. Мазыр. Пл. 26 тыс. км2, нас. 680 тыс. чал. (1941). Уключала 17 раёнаў: Акцябрскі (утвораны 28.6.1939; з 20.9.1944 з Глускім і Парыцкім р-намі ў складзе Бабруйскай вобл.), Брагінскі, Васілевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі (утвораны 3.7.1939), Камарынскі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Парыцкі, Петрыкаўскі, Тураўскі, Хойніцкі; гарады Калінкавічы, Мазыр (з 17.3.1938 у абл. падпарадкаванні), Петрыкаў; гар. пасёлкі Брагін, Глуск, Ельск, Жыткавічы, Капаткевічы, Лельчыцы, Нароўля. Парычы, Тураў, Хойнікі, рабочыя пасёлкі Капцэвічы, Пастала, Пціч. Выходзіла газ. «Савецкае Палессе» (да 1952 «Бальшавік Палесся»). Пасля скасавання 8.1.1954 тэр. П.в. далучана да Гомельскай вобл.

т. 11, с. 549

ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на ЗПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.А.Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.В.Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс. км2, працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх. ч. Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб. воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р. Прыпяць з прытокамі, у зах. ч. р. Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб. Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт. Беларускае Палессе.

М.А.Шышонак.

т. 11, с. 549

ПАЛЕ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на Пд Беларусі, Пн Украіны і ў Бранскай вобл. Расіі. Займае пл. каля 270 тыс. км2. Яе частка ў межах Беларусі вылучаецца як падправінцыя Беларускае Палессе.

т. 11, с. 549