ПАЛЕ́НАЎ (Васіль Дзмітрыевіч) (1.6.1844, С.-Пецярбург — 18.7.1927),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1926). Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў П.Чысцякова і І.Крамскога, скончыў Пецярбургскую АМ (1871), у 1882—95 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1872—76 пенсіянер АМ у Італіі, Францыі, Германіі; працаваў у духу салоннага акадэмізму на тэмы зах.-еўрап. гісторыі («Права пана», 1874, і інш.). У 1876 мастак-карэспандэнт на серба-чарнагорска-тур. вайне, у 1877—78 — на руска-тур. З 1878 чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Зазнаў уплывы А.Саўрасава і Ф.Васільева. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, у які прыўносіў жанравы і лірыка-асацыятыўны пачатак. У творах, якія вызначаліся кампазіцыйнай завершанасцю, дакладнасцю малюнка і свабоднай манерай пісьма, адзін з першых у рус. жывапісе перадаў пленэрную свежасць каларыту, увасобіў натуральнасць матыву рас. прыроды, непарыўна звязанай са штодзённым жыццём чалавека: «Маскоўскі дворык», «Бабулін сад» (абодва 1878), «Зарослая сажалка» (1879), «Залатая восень» (1893) і інш. Звяргаўся і да евангельскіх сюжэтаў, якім часта надаваў жанравую ці пейзажную афарбоўку («Хрыстос і грэшніца», 1886—87), да гуманіст. («Хворая», 1886) і рэв. («Барыкады на Садовай», 1905) тэматыкі. З 1873 афармляў спектаклі Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.І.Мамантава. У 1910—18 вёў у Маскве асветную дзейнасць па арганізацыі нар. тэатра. З 1917 жыў у сядзібе Барок (цяпер Паленава Тульскай вобл.), дзе стварыў маст. музей.

В.Паленаў Бабулін сад. 1878.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)