Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],

арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл. Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл. Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).

т. 10, с. 364

МІКСБО́РДЭР (ад англ. mix змешваць + border аблямоўка),

шматрадковая мяшаная пасадка кветкава-дэкаратыўных раслін, падабраных так, каб іх цвіценне працягвалася з ранняй вясны да позняй восені. Ствараюць у выглядзе шырокіх (1,2—4 м) палос уздоўж жывых агароджаў, кветнікаў, будынкаў, дарожак і інш. Адрозніваюць М. аднабаковыя (расліны задняга плана найб. высокія) і двухбаковыя (высокія расліны ў цэнтры). Выкарыстоўваюць у зялёным будаўніцтве. Расліны падбіраюць па тэрмінах аблісцення і цвіцення, выш. (0,3—2 м), вонкавым выглядзе, спалучэнні колераў; высаджваюць палосамі ці ў выглядзе невял. груп, плям, геам. фігур. Дадаткова могуць выкарыстоўвацца малыя арх. формы (вазы, скульптуры, фантаны і інш.). Найб. эфектны М. з 2-га года пасадкі.

Міксбордэр.

т. 10, с. 364

МІКСЕДЭ́МА (ад грэч. myxa слізь + oidēma пухліна, ацёк),

захворванне, якое абумоўлена зніжэннем функцыі шчытападобнай залозы; адна з праяў гіпатырэозу. Адрозніваюць першасную форму (пашкоджанне непасрэдна шчытападобнай залозы) і другасную (пашкоджанне гіпаталама-гіпафізарнай сістэмы). Першасная М. бывае прыроджанай (напр., пры ўнутрывантробным назапашванні шчытападобнай залозай плода радыеактыўнага ёду) і набытай (пасля траўмаў ці вострага запалення шчытападобнай залозы). Прыкметы: слізісты ацёк скуры і падскурнай клятчаткі, павышаная стамляльнасць, зніжэнне т-ры цела, крывянога ціску, выпадзенне валасоў, цяжкія функцыян. парушэнні ц. н. с., эндакрыннай, страўнікавай і інш. сістэм, дыстрафія. У дзіцячым узросце — карлікавы рост, замаруджанае акасцяненне, парушэнні псіхікі і інш. Лячэнне — гармонатэрапія, сімптаматычная тэрапія.

М.​І.​Федзюковіч.

т. 10, с. 364

МІ́КСЕР (англ. mixer змяшальнік),

1) апарат для прыгатавання кактэйляў, крэмаў, пюрэ, мусаў і інш. Прадукты змешваюцца, збіваюцца або здрабняюцца ў поліэтыленавай ці шкляной пасудзіне мяшалкамі або нажамі, што прыводзяцца ў вярчэнне электрарухавіком.

2) М. у металургіі — цыліндрычная або бочкападобная стальная пасудзіна, выкладзеная ўнутры вогнетрывалай цэглай і прызначаная для назапашвання і захоўвання вадкага доменнага чыгуну. У М. адбываецца выраўноўванне хім. саставу і т-ры чыгуну, выдаленне з яго серы. Бываюць актыўныя — з абагрэвам (што садзейнічае частковаму выдаленню дамешкаў) і неактыўныя — без абагрэву. Умяшчальнасць да 2500 т.

Металургічны міксер: 1 — носік для зліву чыгуну; 2 — гарлавіна для заліўкі чыгуну; 3 — механізм нахілу.

т. 10, с. 365

МІКСІ́НЫ (Myxini),

падклас пазваночных кл. кругларотых. 1 атрад, 1 сям., 4 роды, каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх водах.

Даўж. да 1 м. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Рот абкружаны некалькімі мясістымі вусікамі. Вочы зацягнуты скурай. Шчэлепных адтулін ад 1 да 15 пар. Крывяносная сістэма незамкнёная. Сэрца 1 асноўнае і 3 дадатковыя. Паразіты або драпежнікі, выядаюць унутранасці і мышцы ў рыб, угрызаюцца ў ахвяру з дапамогай моцнага языка з рагавымі зубамі; радзей кормяцца чарвямі. Адкладваюць 20—30 яец. Развіццё без ператварэння.

Міксіна еўрапейская.

т. 10, с. 365

МІКСТУ́РА (лац. mixtura сумесь),

вадкае лякарства; сумесь розных лек. сродкаў, якія раствораны ці суспензіраваны ў якой-н. вадкасці. Ужываюць унутр.

т. 10, с. 365

МІКУ́ЛА,

князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Пра яго сведчыць імя па бацьку Усяслава Мікуліча, лагожскага (лагойскага) князя ў 1180. Даследчыкі мяркуюць, што М. мог быць сынам ізяслаўскага (заслаўскага) кн. Валодшы і валодаць удзелам у Ізяслаўскім (Заслаўскім) княстве (А.​М.​Рапаў) або быць сынам мінскага кн. Глеба Усяславіча (В.​Л.​Насевіч). На думку Э.​М.​Загарульскага, М. мог быць сынам не названага па імю брата лагожскага кн. Брачыслава, сынам ці ўнукам Глеба Усяславіча або гэта хрысціянскае імя Усевалада Глебавіча.

т. 10, с. 365

МІКУЛА́ЕЎ Фёдар, гравёр і ювелір 2-й пал. 17 ст. «Чаканнай і чэрневай справы жалаваны майстар». Выхадзец з Беларусі. З 1663 працаваў у Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1669 зрабіў чаканныя абклады абразоў, посуд і інш. начынне для маскоўскіх храмаў. Сярод інш. работ: чаканныя арлы да панцыраў і посуд для царскага двара, гравіраваныя дзярж. пячаткі.

т. 10, с. 365

МІКУ́ЛІК (Мікалай Аляксандравіч) (н. 26.3.1932, в. Зарэчча Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне прыкладной матэматыкі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1995). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у БПА (з 1975 заг. кафедры). Навук. працы па матэм. мадэліраванні вагальных працэсаў складаных дынамічных сістэм з рэактыўнымі звёнамі і разліку іх нагрузачных рэжымаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Динамические системы с реактивными звеньями. Мн., 1985;

Решение технических задач по теории вероятностей и математической статистике. Мн., 1991 (разам з Г.​М.​Рэйзінай);

Прикладная математика: В 2 ч. Ч. 1. Мн., 1998 (разам з Г.​І.​Лебедзевай).

т. 10, с. 365

МІКУ́ЛІН (Аляксандр Аляксандравіч) (14.2.1895, г. Уладзімір, Расія — 13.5.1985),

расійскі вучоны, канструктар авіяц. рухавікоў. Акад. АН СССР (1943). Ген.-м. інж.-тэхн. службы (1944). Герой Сац. Працы (1940). Вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це (1913—14), скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1922). З 1923 канструктар, з 1925 гал. канструктар у Навук.-аўтаматорным ін-це. Стварыў рухавікі АМ-34, АМ-35 і інш. Рухавік АМ-35А (1200 к.с.) быў устаноўлены на знішчальніках канструкцыі А.​І.​Мікаяна. У Вял. Айч. вайну кіраваў распрацоўкай рухавіка АМ-38Ф для штурмавіка ІЛ-2 і ГАМ-35Ф для тарпедных катэраў і рачных бранякатэраў. З 1943 ген. канструктар авіяц. рухавікоў. Распрацаваў першы айч. турбакампрэсар, удзельнічаў у стварэнні турбавінтавых і турба-рэактыўных рухавікоў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.

А.А.Мікулін.

т. 10, с. 365