Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЖНАРО́ДНЫ ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД (МГГ),

перыяд з 1.7.1957 да 31.12.1958 (18 месяцаў), на працягу якога на зямным шары праводзіліся геафіз. назіранні за станам зямной кары, атмасферы, акіянаў паводле адзінай праграмы і адзінай методыкі. Праводзіўся пасля Міжнародных палярных гадоў у год макс. сонечнай актыўнасці вучонымі 67 краін. Арганізаваны комплексныя экспедыцыі, у т.л. ў Арктыку, Антарктыку, высакагорныя раёны, акіяны, запушчаны штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. Даследаванні прадоўжаны да 31.12.1959 у межах праграмы міжнар. геафіз. супрацоўніцтва.

т. 10, с. 342

Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут

т. 18, кн. 1, с. 428

МІЖНАРО́ДНЫ ДАГАВО́Р,

гл. Дагавор міжнародны.

т. 10, с. 342

МІЖНАРО́ДНЫ ДЗЕНЬ АБАРО́НЫ ДЗЯЦЕ́Й,

дзень мабілізацыі міжнар. сусв. грамадскасці ў абарону дзяцей ад пагрозы вайны, за захаванне іх здароўя, за іх выхаванне і адукацыю на дэмакр. аснове. Устаноўлены ў 1949 на Маскоўскай сесіі Савета Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын у адпаведнасці з рашэннямі яе 2-га кангрэса. Адзначаецца штогод 1 чэрвеня. Упершыню адзначаны ў 1950 у 51 краіне.

т. 10, с. 342

МІЖНАРО́ДНЫ ДЗЕНЬ СТУДЭ́НТАЎ,

дзень міжнар. салідарнасці студэнцтва. Устаноўлены ў 1941 у Лондане на міжнар. сустрэчы студэнтаў краін, якія змагаліся з фашызмам. Адзначаецца штогод 17 лістапада. Дата ўзята ў памяць студэнтаў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення: 17.11.1939 многія кіраўнікі Саюза студэнтаў Чэхаславакіі былі арыштаваны ням.-фаш. акупац. ўладамі і расстраляны, больш за тысячу студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ адпраўлены ў канцлагер, многія ВНУ закрыты. Упершыню адзначаны ў 1941. Правядзенню М.д.с. папярэднічае тыдзень барацьбы за мір і дружбу (10—17 лістапада).

т. 10, с. 342

МІЖНАРО́ДНЫ ДЗЕНЬ ТЭА́ТРА,

міжнароднае тэатр. свята. Асн. мэта — пашырэнне творчай садружнасці тэатр. дзеячаў і прапаганда ўсіх відаў тэатр. мастацтва. Устаноўлены ў 1961 у Вене 9-м кангрэсам Міжнар. ін-та т-ра па прапанове прэзідэнта Фінскага нац. цэнтра Ківімаа. З 1962 адзначаецца штогод 27 сак. ў многіх краінах свету, у т.л. на Беларусі.

т. 10, с. 342

МІЖНАРО́ДНЫ ЖАНО́ЧЫ ДЗЕНЬ 8 САКАВІКА́,

дзень міжнар. салідарнасці жанчын у барацьбе за эканам., сац. і паліт. роўныя правы з мужчынамі. Рашэнне аб штогадовым святкаванні М.ж.д. прынята ў 1910 на 2-й Міжнар. канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капенгагене (Данія) па прапанове К.Цэткін. Упершыню праводзіўся ў 1911 у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. У Расіі ўпершыню праведзены ў 1913, у Беларусі — у 1914. У СССР з 1965 паводле рашэння Вярх. Савета СССР непрацоўны дзень; захаваў такі статус пад інш. назвамі і ў многіх краінах СНД, у т.л. ў Рэспубліцы Беларусь.

т. 10, с. 342

МІЖНАРО́ДНЫ ЗБОР СІГНА́ЛАЎ,

зборнік сігналаў для сувязі паміж марскімі суднамі, а таксама паміж суднамі і берагавымі сігнальнымі станцыямі розных краін. Сігналы выкарыстоўваюцца ў выпадках, звязаных з бяспекай плавання, выратаваннем і аховай жыцця чалавека на моры пры наяўнасці цяжкасцей моўных зносін. М.з.с. універсальны і дазваляе весці перагаворы з дапамогай сцяжкоў, семафора, пражэктара, тэлегр. і тэлеф. радыёсувязі і інш.

Першы М.з.с., складзены ў 1885 у Вялікабрытаніі, меў каля 70 тыс. сігналаў (выкарыстоўвалася 18 сцяжкоў). У далейшым неаднаразова пераглядаўся, удакладняўся і ўхваляўся на спец. міжнар. канферэнцыях (1889, 1927, 1932, 1942, 1959, 1961). М.з.с., прыняты ў 1965, набыў сілу ў 1969, уключае каля 2 тыс. сігналаў, кожны з якіх мае пэўнае сэнсавае значэнне, што дазволіла значна спрасціць і скараціць аб’ём збору.

т. 10, с. 342

МІЖНАРО́ДНЫ ЗВЫ́ЧАЙ,

правіла, якое склалася ў выніку працяглага выкарыстання ў адносінах паміж многімі або некаторымі дзяржавамі, але не замацаванае ў міжнар. дагаворах. З’яўляецца крыніцай права ў тых выпадках, калі адносіны не адрэгуляваны дагаворам міжнародным. Неабходнай умовай прызнання М.з. крыніцай права з’яўляецца прызнанне яго ўсімі або некаторымі дзяржавамі. Звычаі, у аснову якіх пакладзены прынцыпы суверэнітэту і роўнасці, абавязковыя для ўсіх краін; іншыя М.з. дзейнічаюць для дзяржаў, якія іх прызналі.

т. 10, с. 342

МІЖНАРО́ДНЫ КААПЕРАТЫ́ЎНЫ АЛЬЯ́НС (МКА; International Cooperative Alliance),

міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў. Засн. ў 1895. Асн. мэты: развіццё каап. руху, супрацоўніцтва паміж каап. арг-цыямі розных краін. Аб’ядноўвае арг-цыі каля 80 краін, больш за 540 млн. чл. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН. Месцазнаходжанне — Жэнева.

т. 10, с. 342