Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЛЬНЯ,

Вілейка, рака ў Гродзенскай вобл. Беларусі і ў Літве, левы прыток Віліі (Нярыс). Даўж. 82 км, у межах Беларусі 13 км. Пл. вадазбору 633 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Кемяны Ашмянскага р-на. У вярхоўі цячэ на мяжы Астравецкага і Ашмянскага р-наў Беларусі з Літвой, 69 км на тэр. Літвы.

т. 4, с. 176

ВІ́ЛЬСАН,

Уілсан (Wilson) Джэймс Гаральд (11.3.1916, г. Хадэрсфілд, Вялікабрытанія — 24.5.1995), дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т, з 1937 выкладаў там эканоміку. У 1940—44 ва ўрадавым апараце, з 1945 чл. парламента, у 1947—51 міністр гандлю. З 1952 чл. выканкома, з 1963 лідэр Лейбарысцкай партыі. Прэм’ер-міністр у 1964—70 і 1974—76. Эканам. праграма Вільсана — жорсткія абмежавальныя меры для выхаду з фін. крызісу, дэвальвацыя фунта і інш. Пры Вільсане Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, узмацніла сувязі з НАТО. Пасля трэцяй перамогі на выбарах 1976 нечакана пайшоў у адстаўку. Працы па эканам. пытаннях.

т. 4, с. 176

ВІ́ЛЬСАН,

Уілсан (Wilson) Кенет Гедэс (н. 8.6.1936, г. Уолтэм, ЗША), амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нацыянальнай АН. Скончыў Гарвардскі ун-т (1956), дзе працаваў у 1959—62. З 1963 у Корнелскім ун-це (з 1971 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, тэорыі элементарных часціц і стат. фізіцы. Прапанаваў тэорыю фазавых пераходаў другога роду (тэорыя Вільсана), у якой даў дакладнае тлумачэнне тэмпературнай залежнасці цеплаёмістасці пры малых тэмпературах. Нобелеўская прэмія 1982.

т. 4, с. 176

ВІ́ЛЬСАН,

Уілсан (Wilson) Роберт Вудраў (н. 10.1.1936, г. Х’юстан, штат Тэхас, ЗША), амерыканскі фізік. Чл. Нацыянальнай АН (1979). З 1962 у Лабараторыях Бэл.-Тэлефон. Навук. працы па радыёастраноміі і касм. фізіцы. Выявіў эксперыментальна рэліктавае фонавае радыёвыпрамяненне з т-рай 3 К, якое запаўняе ўвесь Сусвет (1965). Адкрыў касм. дэйтэрый і вызначыў яго распаўсюджанасць у Сусвеце (1973). Нобелеўская прэмія 1978.

т. 4, с. 176

ВІ́ЛЬСАН,

Уілсан (Wilson) Томас Вудраў (28.12.1856, г. Стантан, штат Віргінія, ЗША — 3.2.1924), дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1879), праф. права і паліт. эканоміі (1890—1902), рэктар (1902—10) у ім.

Губернатар штата Нью-Джэрсі (1910—12). Двойчы перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах ад Дэмакр. партыі, 28-ы прэзідэнт ЗША (1913—21). Адміністрацыя Вільсана ў першыя гады яго прэзідэнцтва правяла шэраг прагрэс. рэформаў (прыняцце закону аб тарыфах і падаходным падатку, антытрэстаўскага закону, увядзенне 8-гадзіннага прац. дня на чыгунцы і інш.). У міжнар. палітыцы дэклараваў імкненне зрабіць ЗША вядучым абаронцам міру, аднак пры Вільсане ЗША ажыццявілі інтэрвенцыю ў Мексіку, акупіравалі Гаіці і Санта-Дамінга. У 1-ю сусв. вайну Вільсан, урад якога да 1917 прытрымліваўся нейтралітэту, спрабаваў ініцыіраваць мірныя перагаворы варагуючых бакоў, у пач. 1917 Вільсан прапанаваў кангрэсу ЗША план усталявання міру шляхам стварэння Лігі Нацый. Пры Вільсане ЗША аб’явілі вайну Германіі (крас. 1917), ажыццявілі інтэрвенцыю ў Сав. Расію. Вільсан — аўтар праграмы міру з 14 пунктаў (уключала і пункт аб стварэнні Лігі Нацый), актыўны ўдзельнік распрацоўкі і прыняцця Версальскага мірнага дагавора 1919. Нобелеўская прэмія міру 1919.

т. 4, с. 176

ВІ́ЛЬСАН,

Уілсан (Wilson) Чарлз Томсан Рыс (14.2.1869, Гленкарс, каля г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 15.11.1959), англійскі фізік. Чл. Брытанскага каралеўскага т-ва (1900). Скончыў Манчэстэрскі (1887) і Кембрыджскі (1892) ун-ты. У 1900—34 у Кембрыджскім ун-це (з 1925 праф.). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядзернай фізіцы. Даследаваў кандэнсацыю пары пры ўздзеянні розных агентаў. Устанавіў, што пры пэўных умовах зараджаныя іоны становяцца цэнтрамі кандэнсацыі вадзяной пары і рух іонаў становіцца бачным (1897); стварыў прыладу для назірання і фатаграфавання слядоў (трэкаў) зараджаных часціц (гл. Вільсана камера). Нобелеўская прэмія 1927.

т. 4, с. 177

ВІ́ЛЬСАНА КА́МЕРА,

прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц. Створана Ч.Вільсанам (1912). Дзеянне заснавана на з’яве кандэнсацыі перанасычанай пары (утварэнні дробных кропляў вадкасці) на іонах, якія ўзнікаюць уздоўж трэка хуткай зараджанай часціцы. Кроплі дасягаюць бачных памераў і могуць быць сфатаграфаваны. Уласцівасці часціцы вызначаюць па даўжыні яе прабегу і значэнні імпульсу, які вымяраецца па скрыўленні траекторыі часціцы ў магн. полі, куды змешчана камера. Вільсана камера адыграла вял. ролю ў вывучэнні будовы рэчыва і ўласцівасцей элементарных часціц; з яе дапамогай адкрыты пазітрон, мезоны, гіпероны, дзіўныя часціцы і інш.

Літ.: Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 4, с. 177

ВІЛЬЧА́К,

вільчык, верхняе рабро (грэбень) 2-схільнай страхі і фігурнае вырашэнне верхніх канцоў закрылін 2-схільнай страхі ці страхі з залобкам. Вядомы ў многіх народаў Усх., Цэнтр, і Паўн. Еўропы. Найб. пашыраныя парныя вільчакі, утвораныя верхнімі выпускамі перакрыжаваных канцоў закрылін. Апрацаваныя ў выглядзе стылізаваных рагоў, накіраваных у процілеглыя бакі сілуэтаў птушак, змей, конскіх галоў і інш., у старажытнасці яны выконвалі ролю абярэгаў, з часам сталі дэкар. элементамі традыц. жылля. З пач. 20 ст. саступілі месца адзінарным вільчакам, выпілаваным з адной дошкі ў выглядзе трызубца, стралы, стылізаванай кветкі і інш. і прымацаванай на скрыжаванні закрылін.

Я.М.Сахута.

т. 4, с. 177

ВІЛЬЧА́НКА,

Вільча, Дзягцярка, рака ў Магілёўскім р-не, левы прыток Дняпра. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца каля в. Палетнікі, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Ад вусця 1,8 км рэчышча каналізаванае, на рацэ сажалкі каля вёсак Навасёлкі і Вільчыцы.

т. 4, с. 177

ВІ́ЛЬЧЭКА ЗЯМЛЯ́,

востраў у архіпелагу Франца-Іосіфа Зямля. Пл. 2 тыс. км². Паверхня — пласкагор’е, выш. да 606 м. Амаль увесь укрыты покрыўнымі ледавікамі. Названа імем Г.Вільчэка, які фінансаваў аўстр. экспедыцыю, што адкрыла востраў у 1873.

т. 4, с. 177