ВІ́ЛЬСАН,
Уілсан (Wilson) Томас Вудраў (28.12.1856, г. Стантан, штат Віргінія, ЗША — 3.2.1924), дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1879), праф. права і паліт. эканоміі (1890—1902), рэктар (1902—10) у ім.
Губернатар штата Нью-Джэрсі (1910—12). Двойчы перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах ад Дэмакр. партыі, 28-ы прэзідэнт ЗША (1913—21). Адміністрацыя Вільсана ў першыя гады яго прэзідэнцтва правяла шэраг прагрэс. рэформаў (прыняцце закону аб тарыфах і падаходным падатку, антытрэстаўскага закону, увядзенне 8-гадзіннага прац. дня на чыгунцы і інш.). У міжнар. палітыцы дэклараваў імкненне зрабіць ЗША вядучым абаронцам міру, аднак пры Вільсане ЗША ажыццявілі інтэрвенцыю ў Мексіку, акупіравалі Гаіці і Санта-Дамінга. У 1-ю сусв. вайну Вільсан, урад якога да 1917 прытрымліваўся нейтралітэту, спрабаваў ініцыіраваць мірныя перагаворы варагуючых бакоў, у пач. 1917 Вільсан прапанаваў кангрэсу ЗША план усталявання міру шляхам стварэння Лігі Нацый. Пры Вільсане ЗША аб’явілі вайну Германіі (крас. 1917), ажыццявілі інтэрвенцыю ў Сав. Расію. Вільсан — аўтар праграмы міру з 14 пунктаў (уключала і пункт аб стварэнні Лігі Нацый), актыўны ўдзельнік распрацоўкі і прыняцця Версальскага мірнага дагавора 1919. Нобелеўская прэмія міру 1919.
т. 4, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)