МІ́НСКАЕ ДО́СЛЕДНАЕ РЫБАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЕ КО́МПЛЕКСНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА.
Засн. ў 1973 у Мінску. З 1988 наз. Мінскі холадакамбінат па захаванні, перапрацоўцы і рэалізацыі рыбных тавараў, з 1990 арэнднае прадпрыемства, з 1995 адкрытае акц. т-ва «Рыбакомплекс». Працуюць асн. цэхі: вяндлярны, кулінарны, прэсерва-марынадны, сыравінны і дапаможныя, халадзільныя камеры. Выпускае (1999) больш за 100 найменняў рыбапрадукцыі, у т.л. з марской капусты 7, прэсерваў больш за 30, рыбы халоднага і гарачага вэнджання больш за 50, салёнай рыбы больш за 10 найменняў. Сыравіна завозіцца ў асн. з краін Балтыі і Расіі.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ ДУХО́ЎНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
спецыяльная навуч. ўстанова, якая дае пач. духоўную адукацыю. Засн. ў 1989 у Мінску. Рыхтуе спецыялістаў царк. спеваў (пеўчых, псаломшчыкаў, рэгентаў) для прыходаў Бел. правасл. царквы. Выкладаюцца (1999): біблейская гісторыя, царк. статут, катэхізіс, Святое пісанне, гісторыя царквы, літургіка, псіхалогія царк. зносін, царк.-слав. мова, тэорыя музыкі, сальфеджыо, дырыжыраванне, царк. хар. спевы, чытанне хар. партытур і інш. Прымаюцца асобы ва ўзросце да 35 гадоў з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ ЖАНО́ЧАЕ КАМЕРЦЫ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА І.І.Самойлы.
Існавала ў 1905—13 у Мінску як прыватная ўстанова. Падпарадкоўвалася Мін-ву гандлю і прам-сці. Навучанне платнае. Тэрмін навучання — 7 гадоў. Вывучаліся: Закон Божы, рус., франц., ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, фізіка, заалогія, батаніка, мінералогія, анатомія і фізіялогія, прыродазнаўства, геаграфія, гісторыя, хімія, таваразнаўства, камерц. арыфметыка і геаграфія, бухгалтэрыя, паліт. эканомія, законазнаўства, маляванне, рукадзелле. Закрыта ў 1913.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ,
гл. ў арт. Мінскае патрыятычнае падполле.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ КА́ПІШЧА,
старажытнаславянскае язычніцкае свяцілішча ў Мінску. Праіснавала да пач. 20 ст. У 2-й пал. 19 ст. ўяўляла сабой абгароджаную з 3 бакоў прамавугольную пляцоўку на беразе р. Свіслач, дзе знаходзіліся 4 культавыя прадметы: гранітны валун Дзед (лічыўся галоўным), вял. дуб Волат, выкладзенае з невял. камянёў вогнішча-зніч Жыжа (агонь), крынічка каля валуна (вада з яе лічылася цудадзейнай). Мясц. жыхары, нягледзячы на афіц. вызнанне хрысціянства, ушаноўвалі М.к. як святое месца. Валуну Дзеду ахвяравалі мёд, малако, віно, палатно; дубу Волату — пераважна ручнікі і стужкі, якія развешвалі на ім на 33 дні (жалуды Волата лічыліся лекавымі), агню (Жыжу) прыносілі жывёльную ахвяру. М.к. абслугоўвалі т.зв. чараўнікі (апошнімі былі бацька і сын Севасцеі), якія прадказвалі лёс, лячылі ад хвароб, налівалі святую ваду з крынічкі, давалі амулеты-абярэгі і г.д. У канцы 1880-х г. у сувязі са святкаваннем 900-годдзя хрысціянства на Русі гар. ўлады паспрабавалі закрыць М.к. як апошнюю апору язычніцтва (было патушана і разбурана вогнішча, спілаваны дуб), але канчаткова гэта зроблена ў пач. 20 ст. Валун Дзед захоўваецца ў Парку камянёў.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА, Менскае княства,
удзельнае княства Полацкай зямлі ў бас. р. Свіслач, Друць, Бярэзіна. Цэнтр — г. Мінск (Менск). Узнікла ў канцы 11 — пач. 12 ст., вядома з 1104. Першы князь Глеб Усяславіч імкнуўся расшырыць княства за кошт суседніх зямель. У 1104 ён адбіў напад кааліцыі паўд.-рус. князёў, сярод якіх быў і яго брат Давыд Усяславіч. Пазней аб’яднаў вакол Мінска Оршу, Друцк, Копысь. Пасля нападу Глеба Усяславіча на Слуцк у 1116 супраць яго выступіла новая кааліцыя князёў на чале з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам, якія адабралі частку заваяваных гарадоў, у 1119 далучылі Мінск да кіеўскіх уладанняў. У 1140-я г. княжанне ў Мінску адноўлена. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. У 1151 на полацкае княжанне запрошаны мінскі кн. Расціслаў Глебавіч (княжыў 7 гадоў). З 1158 Расціслаў, пазней яго брат Валадар Глебавіч ваявалі з полацкім кн. Рагвалодам. У 1161 Валадар разграміў Рагвалода і яшчэ больш умацаваў незалежнасць М.к. У канцы 13 ст. М.к. трапіла пад уплыў літ. князёў. У складзе пасольства вял. князя ВКЛ Гедзіміна ў Ноўгарад у 1326 упамінаецца мінскі кн. Васіль. У далейшым у Мінску правілі велікакняжацкія намеснікі.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982.
Э.М.Загарульскі.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ ЛІТАРАТУ́РНА-АРТЫСТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
грамадская літ.-маст. і асветніцкая арг-цыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Існавала ў Мінску ў 1906—09. Створана членамі забароненага Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Кіраўнікі: В.Чавусаў, К.Фальковіч, В.Аляксандрава, А.Аляксандраў, Д.Мейчык, В.Сушчынскі, К.Урсыновіч і інш. Мела драм., літ., маст. і муз. секцыі. Аматары паставілі больш за 60 спектакляў, у т.л.: «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вішнёвы сад», «Дзядзька Ваня» і «Іванаў» А.Чэхава, «Плады асветы» Л.Талстога і «Ганна Карэніна» паводле яго аднайм. рамана, «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мар’я Іванаўна» і «Яўрэі» Я.Чырыкава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш. Літ. секцыя т-ва арганізавала шэраг лекцый і літ. чытанняў: «Драматургія Ібсена» і «Морыс Метэрлінк» Ю.Айхенвальда, «Маладая руская паэзія» і «Апошнія парасткі рускай паэзіі» Я.Анічкава, «Талстой і Андрэеў: паралельная характарыстыка» У.Самойлы, «Паходжанне права і яго сутнасць» Мейчыка, «Санін» М.Арцыбашава» У.Майстраха і інш. Маст. секцыя наладзіла 4-ю выстаўку жывапісу і графікі ў Мінску (1908). Муз. секцыя аб’ядноўвала каля 400 прафес. музыкантаў і аматараў, наладжвала лекцыі і канцэрты. Спыніла дзейнасць у выніку фін. банкруцтва.
У.М.Конан.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя А.К.Глебава пры Беларускай акадэміі мастацтваў.
Засн. ў 1947 у Мінску. З 1969 імя Глебава. З 1992 сучасная назва. Рыхтуе скульптараў-выканаўцаў-выкладчыкаў, мастакоў-выкладчыкаў, мастакоў-майстроў (рэзчыкаў па дрэве), дызайнераў (мастакоў-афарміцеляў). Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): жывапіс; скульптура; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; дызайн. Тэрмін навучання 3 гады 10 месяцаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «СКУЛЬПТУ́РНЫ КАМБІНА́Т» Беларускага саюза мастакоў.
Створана ў 1991 у Мінску на базе Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвае заказы на стварэнне манум. і станковай скульптуры, у т.л. помнікаў, манументаў, эмблем, гербаў, мемар. дошак і інш. Сярод работ помнікі Ф.Скарыне ў Празе (Э.Астаф’еў, 1991—92), у г. Ліда (В.Янушкевіч, 1992—93), воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску (Ю.Паўлаў, 1995—96), у г. Светлагорск (У.Жбанаў, А.Каструкоў), М.Шагалу ў Віцебску (В.Магучы; абодва 1997), А.Пушкіну ў г. Мазыр (Ю.Вараб’ёў) і Мінску (Ю.Арэхаў), «Святая Соф’я — князёўна слуцкая» ў г. Слуцк (М.Інькоў), воінам, што загінулі ў гады Вял. Айч. вайны, у Магілёве (Паўлаў; усе 1999), Скарыне (А.Дранец, 1999—2000); бюсты М.В.Доўнар-Запольскага ў г. Рэчыца (Э.Агуновіч, 1995), У.Л.Бядулі ў г. Камянец (С.Гарбунова, 1997) і інш.; гербы Беларусі на рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (У.Папсуеў, 1996), на будынках Дома ўрада (В.Мурашоў, 1997), Нац. банка (Жбанаў, 1998); на гар. ратушы ў Віцебску (Магучы, 1997); паркавая скульптура ў Нясвіжскім парку (У.Слабодчыкаў, Г.Гаравая і інш., 1992) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 10, с. 412
МІ́НСКАЕ МО́РА,
другая назва Заслаўскага вадасховішча.
т. 10, с. 413