ВІ́КЕРСА МЕ́ТАД,
спосаб вызначэння цвёрдасці матэрыялаў уцісканнем у паверхню ўзору алмазнай пірамідкі. Распрацаваны англ. канцэрнам «Вікерс» (адсюль назва). Лік цвёрдасці (HV) — адносіны нагрузкі на пірамідку да плошчы пірамідальнай паверхні адбітка. Нагрузка ад 50 да 1000 Н у залежнасці ад цвёрдасці і таўшчыні выпрабавальнага вырабу. Выпрабаванні па Вікерса метадзе праводзяць на стацыянарных устаноўках, памеры адбітка вызначаюць вымяральным мікраскопам.
т. 4, с. 153
«ВІ́КІНГ»
(англ. Viking),
амерыканскія аўтаматычныя арбітальна-пасадачныя станцыі для даследавання Марса. Маса 3420 кт, выш. 4,9 м. Маюць арбітальны (для даследаванняў з каляпланетнай арбіты) і пасадачны (для даследаванняў у час спуску і на паверхні планеты) блокі.
«Вікінг-1» і «Вікінг-2», запушчаныя (адпаведна) 20.8.1975 і 9.9.1975, выйшлі на арбіты вакол Марса 19.6.1976 і 7.8.1976. Пасадачныя блокі зрабілі мяккую пасадку на паверхню планеты 20.7.1976 і 3.9.1976. Даследаванні з пасадачным блокам «Вікінга-2» закончыліся ў сак. 1980, «Вікінга-1» — у ліст. 1982. Упершыню атрыманы фотатэлевізійны відарыс паверхні Марса, здымкі планеты і яе спадарожнікаў Фобаса і Дэймаса; зроблены аналіз грунту (арган. рэчываў і прыкмет жыцця не выяўлена) і атмасферы планеты (выяўлены азот, вадзяная пара); атрыманы прыкметы пластоў вечнай мерзлаты.
Літ.:
Кондратьев К.Я «Викинги» на Марсе. Л., 1977.
т. 4, с. 153
ВІ́КІНГІ,
скандынавы — удзельнікі марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў у канцы 8 — сярэдзіне 11 ст. ў краіны Еўропы. Напачатку займаліся пераважна гандл. абменам і рабаўніцтвам. У 10 ст. ўзніклі трывалыя дружыны вікінгаў, якія на мяжы 10 і 11 ст. ўвайшлі ў дзярж. механізм скандынаўскіх дзяржаў, што ў той час складваліся. Як сац. група вікінгі зніклі ў 11 ст. ў сувязі са стабілізацыяй феад. дзяржаў, умацаваннем гарадоў і купецтва, якое супрацьстаяла вікінгам. У Зах. Еўропе вікінгаў называлі нарманамі, на Русі — варагамі.
т. 4, с. 153
ВІКСЕ́ЛЬ
(Wicksell) Кнут (20.12.1851, Стакгольм — 3.5.1926),
шведскі эканаміст. Праф. ун-та ў Лундзе (1900—16). Скончыў Упсальскі ун-т (1884). Заснавальнік т.зв. шведскай школы ў палітэканоміі. Займаўся праблемамі эканам. раўнавагі, грошай, крэдыту, а таксама нормы працэнта (рух нормы працэнта звязваў з інвестыцыйным працэсам і ў гэтым пытанні лічыцца папярэднікам Дж.М.Кейнса). Адзін са стваральнікаў тэорыі эканам. раўнавагі ў капіталізме, гал. умовай якой лічыў грашовы фактар — роўнасць паміж зберажэннямі і інвестыцыямі. Паслядоўнік Т.Р.Мальтуса: лічыў, што колькаснае павелічэнне чалавецтва перашкаджае ўздыму жыццёвага ўзроўню людзей, якія працуюць.
т. 4, с. 154
ВІ́КТАРАЎ Георгій Аляксандравіч
(6.8.1925, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл., Расія — 29.8.1974),
савецкі энтамолаг. Чл.-кар. АН СССР (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1952 у Заалагічным ін-це АН СССР, з 1955 у Ін-це эвалюцыйнай марфалогіі і экалогіі жывёл АН СССР. Навук. працы па дынаміцы колькасці папуляцый насякомых і сістэматыцы насякомых-энтамафагаў, праблемах біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі, экалогіі перапончатакрылых. Прапанаваў канцэпцыю змены фактараў у рэгуляцыі колькасці шкодных насякомых.
т. 4, с. 154
ВІ́КТАРАЎ Рычард Мікалаевіч
(7.11.1929, г. Туапсэ, Расія — 8.9.1983),
рускі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Львоўскі ун-т (1952) і Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1959). Працаваў на кінастудыях «Беларусьфільм» (1959—64) і імя М.Горкага (з 1965). Яго фільмы адметныя жыццёвай верагоднасцю, вострапсіхал. распрацоўкай сюжэтаў: «Наперадзе круты паварот» (1960). «Трэцяя ракета» (1963) і «Абеліск» (1977; абодва паводле В.Быкава), «Каханая» (1965), «Масква—Касіяпея» і «Падлеткі ў сусвеце» (1974—75, Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Праз церні да зорак» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982) і інш.
т. 4, с. 154
ВІКТАРЫЯНІ́ЗМ
[ад імя англ. каралевы Вікторыі (1837—1901), у час праўлення якой укараняліся негатыўныя адносіны да любых праяўленняў сексуальнага жыцця чалавека],
кірунак маралі, які заключаецца ў пурытанска-аскетычных адносінах да палавога жыцця, адмаўленні значэння пачуццёвасці ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны. Паводле яго ўсе плоцевыя пачуцці аб’яўляліся ганебнымі і нават думкі пра секс лічыліся амаральнымі і грэшнымі. Жанчыне прадпісвалася браць шлюб з адзінай мэтай — нараджаць і расціць дзяцей, а любыя праяўленні яе сексуальнай зацікаўленасці лічыліся недапушчальнымі. Да праяўленняў мужчынскай сексуальнасці прыхільнікі віктарыянізму ставіліся больш памяркоўна. Віктарыянізм садзейнічаў пашырэнню фрыгіднасці ў жанчын і псіхагеннай імпатэнцыі ў мужчын.
т. 4, с. 154
ВІКТАРЭ́НКА Аляксей Сцяпанавіч
(н. 29.3.1947, с. Ольгінка Паўночна-Казахстанскай вобл., Казахстан),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1987), лётчык-касманаўт СССР (1987). Скончыў Арэнбургскае вышэйшае авіяц. вучылішча лётчыкаў (1969). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 22—30.7.1987 здзейсніў касм. палёт на караблі «Саюз ТМ-3» (як камандзір; разам з А.П.Аляксандравым і М.Фарысам, Сірыя), арбітальным комплексе «Мір» (разам з Ю.В.Раманенкам, А.І.Лавейкіным, Аляксандравым, Фарысам) і прызямліўся на спускальным апараце карабля «Саюз ТМ-2» (разам з Аляксандравым і Фарысам). 6.9.1989—19.2.1990 здзейсніў касм. палёт на караблі «Саюз ТМ-8» (як камандзір; разам з А.А.Серабровым) і арбітальным комплексе «Мір». У космасе правёў 167 сут.
т. 4, с. 154
ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л II
(Vittorio Emanuele; 14.3.1820 — 9.1.1878),
кароль Сардзінскага каралеўства [1849—61], першы кароль аб’яднанай Італіі [1861—78]. Удзельнік аўстра-італьянскай вайны 1848—49. У перыяд барацьбы за нац. вызваленне італьян. народа і аб’яднанне Італіі (гл. Рысарджымента) падтрымліваў планы лібералаў (К.Б Кавура і інш.), вёў барацьбу з рэсп.-дэмакр. лагерам нац.-вызв. руху, адначасова імкнучыся ў сваіх мэтах выкарыстаць папулярнасць і ваен. перамогі Дж.Гарыбальдзі. У 1861 абвешчаны каралём Італьян. каралеўства. У час аўстра-італьян. вайны 1866 узначальваў італьян. армію. Пасля 1870 праводзіў курс на збліжэнне з Аўстрыяй і Германіяй.
т. 4, с. 154