«ВІ́КІНГ»

(англ. Viking),

амерыканскія аўтаматычныя арбітальна-пасадачныя станцыі для даследавання Марса. Маса 3420 кт, выш. 4,9 м. Маюць арбітальны (для даследаванняў з каляпланетнай арбіты) і пасадачны (для даследаванняў у час спуску і на паверхні планеты) блокі.

«Вікінг-1» і «Вікінг-2», запушчаныя (адпаведна) 20.8.1975 і 9.9.1975, выйшлі на арбіты вакол Марса 19.6.1976 і 7.8.1976. Пасадачныя блокі зрабілі мяккую пасадку на паверхню планеты 20.7.1976 і 3.9.1976. Даследаванні з пасадачным блокам «Вікінга-2» закончыліся ў сак. 1980, «Вікінга-1» — у ліст. 1982. Упершыню атрыманы фотатэлевізійны відарыс паверхні Марса, здымкі планеты і яе спадарожнікаў Фобаса і Дэймаса; зроблены аналіз грунту (арган. рэчываў і прыкмет жыцця не выяўлена) і атмасферы планеты (выяўлены азот, вадзяная пара); атрыманы прыкметы пластоў вечнай мерзлаты.

Літ.:

Кондратьев К.Я «Викинги» на Марсе. Л., 1977.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)