Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГАРЭ́ЦКІ (Фадзей Антонавіч) (5.5.1825, в. Дусяняты Віленскага пав., Літва — 31.1.1868),

жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў В.Ваньковіча, у Пецярбургскай АМ (1841—50) у К.Брулова. У 1843—47 дапамагаў Брулову ў выкананні размалёвак Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу (альфрэска). У 1848—49 і 1855 жыў на Віцебшчыне. У 1850—54 пенсіянер АМ за мяжой (Італія, Іспанія, Галандыя), выконваў копіі класічных карцін. Пасля 1856 жыў пераважна ў Парыжы, у 1867 прыязджаў у Вільню і Пецярбург. Аўтар карцін: «Унутраны перспектыўны від Лютэранскай царквы св. Пятра» (1842), «Сляпы жабрак з павадыром» (1843), «Споведзь маладой дзяўчыны ў ксяндза» (1845), «Хрыстос благаслаўляе дзяцей» (1848), «Перспектыўны від Альгамбры», «Пілігрымы», «Апошняе прычашчэнне» (усе 1850-я г.; за апошнія тры ў 1854 атрымаў званне акадэміка), партрэтаў Л.​Гарэцкага (1843), А.​Міцкевіча (1847), адваката Палаўскага (1848), архіепіскапа Дмахоўскага (канец 1840-х г.), П.​Клота (1850), аўтапартрэта і інш.

Ф.Гарэцкі. Апошняе прычашчэнне. 1850-я г.

т. 5, с. 82

ГАСДРУБА́Л (Hasdrubal; ? — 221 ла н.э.),

карфагенскі палкаводзец. Узначальваў дэмакр. групоўку. Зяць Гамількара Баркі, у 237 суправаджаў яго ў ісп. паходзе, з 229 узначальваў карфагенскія войскі ў Іспаніі. Заснаваў г. Новы Карфаген (сучасны г. Картахена, Іспанія). Ажаніўшыся з іберыйскай прынцэсай, яшчэ больш узмацніў уплыў карфагенян у Іспаніі. У 226 падпісаў з рымлянамі дагавор, паводле якога р. Ібер (Эбра) стала мяжой карфагенскіх уладанняў у Іспаніі. Забіты кельцкім рабом.

т. 5, с. 82

ГАСДРУБА́Л Hasdrubal; ?—24.6.207 да н.э.), карфагенскі палкаводзец. Сын Гамількара Баркі, брат Ганібала. У час 2-й Пунічнай вайны (218—201 да н.э.) камандаваў карфагенскімі сіламі ў Іспаніі, атрымаў шэраг перамог над рымлянамі. У 207 да н.э. павёў войскі на дапамогу Ганібалу ў Італію, загінуў у бітве на р. Метаўр (Метаўра).

т. 5, с. 82

ГАСЕ́К ((Gossec) Франсуа Жазеф) (17.1.1734, Верньі, прав. Эно, Бельгія — 16.2.1829),

французскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік франц. сімфоніі. Чл. Ін-та Францыі (1795). Вучыўся ў пеўчай школе кафедральнага сабора ў Антверпене. З 1751 у Парыжы. Стварыў там муз. т-вы «Канцэрты аматараў», «Духоўныя канцэрты», кіраваў хорам у т-ры «Парыжская опера», арганізаваў Каралеўскую школу спеваў і дэкламацыі, на базе якой у 1795 адкрыта кансерваторыя (яе праф. і інспектар). У сваіх сімфоніях самабытна пераўтварыў дасягненні «мангеймскай школы». Узбагаціў камерна-інстр. жанр, пісаў камічныя оперы (каля 20), муз. трагедыі, балеты, араторыі, месы і інш. У час Франц. рэвалюцыі 1789—95 арганізатар і дырыжор масавых рэв. свят, пачынальнік манум. вак.-аркестравага стылю і новых муз. жанраў: рэв. масавай песні, музыкі гераічных і жалобных шэсцяў, буйных кантатна-аратарыяльных твораў для выканання на вольным паветры.

Літ.:

Радиге А. Французские музыканты эпохи Великой французской революции: Пер. с фр. М., 1934.

т. 5, с. 82

ГАСЕ́НДЗІ ((Gassendi) П’ер) (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),

французскі філосаф. Займаўся таксама астр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.​Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 82

ГА́СЕР ((Gasser) Герберт Спенсер) (5.7.1888, г. Платвіл, ЗША — 11.5.1963),

амерыканскі фізіёлаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. фармакалогіі (1921) і фізіялогіі (1931). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1910) і ун-т Дж.​Хопкінса ў Балтымары (1915). Вучань Дж.Эрлангера. З 1915 ва ун-це Дж.​Вашынгтона ў Сент-Луісе, з 1931 у Корнелскім ун-це (штат Нью-Йорк). З 1935 дырэктар, з 1953 ганаровы дырэктар Ракфелераўскага ін-та мед. даследаванняў у Нью-Йорку. Даследаваў біяэлектрычныя патэнцыялы з дапамогай электроннага асцылографа. Навук. працы па электрафізіялогіі нерв. валокнаў і нерв. клетак. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Нобелеўская прэмія 1944 (разам з Эрлангерам).

Г.Гасер.

т. 5, с. 82

ГАСЕ́ЎСКІЯ, Гансеўскія, Корвін-Гасеўскія,

польскія ваен. і дзярж. дзеячы герба «Слепаўрон». Паходзяць з маёнтка Госі ў Мазовіі. У канцы 16 ст. прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ. Мелі маёнткі ў Ашмянскім, Смаленскім, Мсціслаўскім пав., на Падляшшы і ў Ломжынскай зямлі (Польшча).

Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду:

Аляксандр (каля 1575—1639), сын Яна. Рэгент дзярж. канцылярыі пры канцлеры ВКЛ Л.​Сапегу (1596), рэферэндарый ВКЛ (з 1610), вял. пісар ВКЛ (з 1615), ваявода смаленскі (з 1625), староста маркаўскі, пунскі, купіскі, веліжскі. У 1599 і 1600 пасол у Маскве. У 1606 пасол да Лжэдзмітрыя I, схоплены ў час падзення апошняга ў Маскве, вызвалены ў 1608. Разам з Сапегам быў натхняльнікам інтэрвенцыі ў Маскву, удзельнік аблогі Смаленска ў 1610. У 1611—13 зноў у Маскве з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1617—18 удзельнічаў у 2-м паходзе каралевіча Уладзіслава на Маскву, у 1621—22 у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Заснаваў езуіцкія калегіумы ў Смаленску і Віцебску.

Крыштоф (?—1643), старэйшы сын Аляксандра. Пераемнік бацькі на пасадах вял. пісара ВКЛ (1625), старосты веліжскага (1627), ваяводы смаленскага (1639). У 1639—40 узначальваў пасольства ў Парыж.

Вінцэнт Аляксандр (каля 1620—62), малодшы сын Аляксандра. Стольнік ВКЛ (1646), крайчы (1648), ген. артылерыі (1651), падскарбі земскі і пісар (1652), гетман польны (1654). Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пунскага, брата Крыштофа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, ладзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканомій. У час нар.-вызв. вайны 1648—51 удзельнічаў у баях супраць паўстанцаў на Пд Беларусі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вёў ваен. дзеянні супраць рус. войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655. У 1656 перамог войска шведаў і Б.​Радзівіла ў бітве пад Просткамі. У 1657—58 вёў кампаніі супраць шведскіх і рус. войск, трапіў у рус. палон, вызвалены за некалькі месяцаў да смерці.

Багуслаў (1660?—1744), сын Вінцэнта Аляксандра. З 1722 біскуп-суфраган беларускі, з 1724 біскуп смаленскі.

В.​Л.​Насевіч.

Да арт. Гасеўскія. В.​А.​Гасеўскі.

т. 5, с. 82

ГА́СКЕЛ ((Gaskell) Элізабет) (29.9.1810, Лондан — 12.11.1865),

англійская пісьменніца. Вядомасць прынёс раман пра жыццё англ. рабочых «Мэры Бартан» (1848), рэаліст. накіраванасць якога змякчалася пропаведдзю хрысц. ўсёдаравання і надзеяй на магчымасць класавага прымірэння. У 1853 апубл. раманы «Крэнфард» і «Рут». Рэаліст. раман «Поўнач і Поўдзень» (1855) пазначаны духам кампрамісу, узмацненнем рэліг. і сентыментальных тэндэнцый. Аўтар біяграфіі сваёй сяброўкі — «Жыццё Шарлоты Бронтэ» (т. 1—2, 1857), раманаў «Паклоннікі Сільвіі» (1863), «Жонкі і дочкі» (1866, незавершаны) і інш.

Літ.:

Ремизов Б.Б. Элизабет Гаскелл. Киев. 1974.

Н.​М.​Саркісава.

т. 5, с. 83

ГАСКО́НЬ (Gascogne),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, якая была заселена ў 6 ст. баскамі. З 602 Гасконь — герцагства, у 1036 далучана да Аквітаніі. У 1154—1453 належала англ. каралям, пасля Стогадовай вайны 1337—1453 адышла да Францыі. У 17—18 ст. разам з тэр. Гіень утварыла губернатарства Гіень і Гасконь (перастала існаваць у 1790 пасля падзелу Францыі на дэпартаменты). На тэр. Гасконі размешчаны дэпартаменты Жэр, Ланды, Верхнія Пірэнеі, часткова — Жыронда, Верхняя Гарона, Ло і Гарона, Тарн і Гарона, Ар’еж.

т. 5, с. 83

ГА́СМАН ((Gassman) Віторыо) (н. 1.9 1922, г. Генуя, Італія),

італьянскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1943). Працаваў у т-рах Рыма, Мілана. У 1948—49 у трупе пад кіраўніцтвам Л.Вісконці. У 1950 стварыў (з Т.​Сальвіні) трупу — Нац. т-р [з 1952 т-р італьян. мастацтва, у 1959 — Італьян. нар. т-р (Рым)]. Гасман — мнагапланавы, рознабаковы акцёр са своеасаблівым «адмоўным» абаяннем, яркім тэмпераментам, іроніяй. Сярод роляў: Праметэй («Праметэй» Эсхіла), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). З 1949 працуе як рэжысёр. Сярод пастановак: «Атэла», «Рамэо і Джульета» Шэкспіра, «Гулец» У.​Беці. З 1947 здымаецца ў кіно: «Горкі рыс», «Вайна і мір», «Абгон», «Пачвары», «Тэраса», «Пустыня Тартары», «Вяселле», «Пах жанчыны» і інш.

т. 5, с. 83