ГАСЕ́НДЗІ

(Gassendi) П’ер (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),

французскі філосаф. Займаўся таксама астр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.

У.К.Лукашэвіч.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)