ГАСЕ́К

(Gossec) Франсуа Жазеф (17.1.1734, Верньі, прав. Эно, Бельгія — 16.2.1829),

французскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік франц. сімфоніі. Чл. Ін-та Францыі (1795). Вучыўся ў пеўчай школе кафедральнага сабора ў Антверпене. З 1751 у Парыжы. Стварыў там муз. т-вы «Канцэрты аматараў», «Духоўныя канцэрты», кіраваў хорам у т-ры «Парыжская опера», арганізаваў Каралеўскую школу спеваў і дэкламацыі, на базе якой у 1795 адкрыта кансерваторыя (яе праф. і інспектар). У сваіх сімфоніях самабытна пераўтварыў дасягненні «мангеймскай школы». Узбагаціў камерна-інстр. жанр, пісаў камічныя оперы (каля 20), муз. трагедыі, балеты, араторыі, месы і інш. У час Франц. рэвалюцыі 1789—95 арганізатар і дырыжор масавых рэв. свят, пачынальнік манум. вак.-аркестравага стылю і новых муз. жанраў: рэв. масавай песні, музыкі гераічных і жалобных шэсцяў, буйных кантатна-аратарыяльных твораў для выканання на вольным паветры.

Літ.:

Радиге А. Французские музыканты эпохи Великой французской революции: Пер. с фр. М., 1934.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)