ГАСЕ́ЎСКІЯ, Гансеўскія, Корвін-Гасеўскія,

польскія ваен. і дзярж. дзеячы герба «Слепаўрон». Паходзяць з маёнтка Госі ў Мазовіі. У канцы 16 ст. прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ. Мелі маёнткі ў Ашмянскім, Смаленскім, Мсціслаўскім пав., на Падляшшы і ў Ломжынскай зямлі (Польшча).

Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду:

Аляксандр (каля 1575—1639), сын Яна. Рэгент дзярж. канцылярыі пры канцлеры ВКЛ Л.​Сапегу (1596), рэферэндарый ВКЛ (з 1610), вял. пісар ВКЛ (з 1615), ваявода смаленскі (з 1625), староста маркаўскі, пунскі, купіскі, веліжскі. У 1599 і 1600 пасол у Маскве. У 1606 пасол да Лжэдзмітрыя I, схоплены ў час падзення апошняга ў Маскве, вызвалены ў 1608. Разам з Сапегам быў натхняльнікам інтэрвенцыі ў Маскву, удзельнік аблогі Смаленска ў 1610. У 1611—13 зноў у Маскве з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1617—18 удзельнічаў у 2-м паходзе каралевіча Уладзіслава на Маскву, у 1621—22 у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Заснаваў езуіцкія калегіумы ў Смаленску і Віцебску.

Крыштоф (?—1643), старэйшы сын Аляксандра. Пераемнік бацькі на пасадах вял. пісара ВКЛ (1625), старосты веліжскага (1627), ваяводы смаленскага (1639). У 1639—40 узначальваў пасольства ў Парыж.

Вінцэнт Аляксандр (каля 1620—62), малодшы сын Аляксандра. Стольнік ВКЛ (1646), крайчы (1648), ген. артылерыі (1651), падскарбі земскі і пісар (1652), гетман польны (1654). Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пунскага, брата Крыштофа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, ладзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканомій. У час нар.-вызв. вайны 1648—51 удзельнічаў у баях супраць паўстанцаў на Пд Беларусі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вёў ваен. дзеянні супраць рус. войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655. У 1656 перамог войска шведаў і Б.​Радзівіла ў бітве пад Просткамі. У 1657—58 вёў кампаніі супраць шведскіх і рус. войск, трапіў у рус. палон, вызвалены за некалькі месяцаў да смерці.

Багуслаў (1660?—1744), сын Вінцэнта Аляксандра. З 1722 біскуп-суфраган беларускі, з 1724 біскуп смаленскі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)