МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,
міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т.л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв. арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар. арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв. акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ МУЗЫ́ЧНЫ САВЕ́Т (ММС; Conseil international de la musique),
міжнародная музычная арг-цыя. Створана ў 1949 пры ЮНЕСКА (Парыж). Аб’ядноўвае шэраг муз. прафес. і аматарскіх арг-цый і муз. дзеячаў. Мае на мэце ўстанаўленне і развіццё сувязей паміж нац. і міжнар. муз. арг-цыямі і каардынацыю іх дзейнасці; правядзенне кангрэсаў, конкурсаў, фестываляў, сімпозіумаў і інш. Раз у 2 гады збірае Ген. асамблеі. Штогод праводзіць т.зв. трыбуны кампазітараў і выканаўцаў, раз у 2 гады — форумы музыкі Азіі і Афрыкі. Выдае час. «The World of Music» («Свет музыкі»), У ММС уваходзяць нац. муз. к-ты каля 60 краін. У яго складзе 16 міжнар. арг-цый, найб. буйныя — Міжнар. т-ва сучаснай музыкі, Міжнароднае таварыства музыказнаўства, Міжнар. федэрацыя муз. моладзі, Міжнар. савет муз. фальклору.
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ЦЭНТР,
(МНТЦ), міжурадавая арганізацыя, якая садзейнічае пераарыентацыі ведаў і вопыту вучоных, звязаных з распрацоўкай і вытв-сцю зброі масавага знішчэння, на мірную дзейнасць. Засн. Еўрапейскім саюзам, Расіяй і ЗША (1992). Асн. мэты: фінансаванне грамадз. праектаў, заахвочванне і пашырэнне магчымасцей навук.-тэхн. супрацоўніцтва, а таксама фінансаванне і арганізацыя семінараў і навуч. курсаў. У 1994 да МНТЦ далучыліся з мэтай фінансавання Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, у 1998 — Карэя. Беларусь далучылася да МНТЦ у 1994, у 1996 адкрыта Бел. рэгіянальнае аддзяленне МНТЦ.
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
найвышэйшая форма грамадскага тэр. падзелу працы; спецыялізацыя асобных краін па вытв-сці пэўных відаў прадукцыі, якімі яны абменьваюцца. Неабходнасць абмену вынікамі вытв-сці абумовіла ўзнікненне міжнароднага гандлю. Да машыннай стадыі М.п.п. грунтаваўся на прыроднай аснове — розніцах у прыродна-кліматычных умовах краіны, геагр. становішчы, рэсурсах і энергіі; эканам. адносіны краін былі сканцэнтраваны пераважна на абмене прадуктамі, што не вырабляліся ў сваёй краіне. З усталяваннем буйной машыннай індустрыі дыфэренцыяцыя вытв-сці паглыбілася, пачаліся міжнац. спецыялізацыя і кааперацыя, таварны абмен паміж краінамі. Паступова М.п.п. ахапіў усе структурныя элементы грамадскага падзелу працы, а абмен, што ажыццяўляўся на міжнар. узроўні, і сам паспрыяў паглыбленню падзелу працы паміж буйнымі сферамі эканомікі, узмацніў прадметную, тэхнал. і падэтальную спецыялізацыю. Сучасны этап сусветна-гасп. сувязей характарызуецца ўсё большым нарастаннем залежнасці, абумоўленай пераводам вытв-сці ў развітых эканам. сістэмах на новую тэхнал. базу. Новы якасны стан вытв. сіл стымуляваў інтэрнацыяналізацыю ўзнаўленчых працэсаў, якая праяўляецца ў 2 асн. формах: інтэграцыі і транснацыяналізацыі (стварэнне міжнац. вытв. комплексаў). Гл. таксама Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Знешнеэканамічныя сувязі, Падзел працы.
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ ПАЛЯ́РНЫ ГОД (МПГ),
перыяд адначасовых геафіз. назіранняў у палярных абласцях і асобных горных ледавіковых раёнах Зямлі па агульнай праграме і адзінай методыцы. У 1-ы МПГ (жн. 1882 — жн. 1883) геафіз., метэаралагічныя і некаторыя біял. назіранні вяліся 12 краінамі ў 13 пунктах паўн. палярнай вобласці і ў 2 — паўд. палярнай вобласці. 2-і МПГ (жн. 1932 — жн. 1933) уключаў таксама першыя радыёзондавыя, радыёфіз. і акустычныя назіранні атмасферы, экспедыцыйныя назіранні з суднаў, вывучэнне горных ледавікоў. Назіранні праводзіліся 45 краінамі на больш як 100 станцыях. Пра 3-і МПГ (1957—58) гл. Міжнародны геафізічны год.
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ САВЕ́Т АХО́ВЫ ПТУ́ШАК,
(International Council for Bird Preservation), міжнародная асацыяцыя нацыянальных арніталагічных і прыродаахоўных арганізацый. Засн. ў 1922 (з 1993 Bird Libe International). Дамагаецца захавання біял. разнастайнасці і ўстойлівага карыстання прыроднымі рэсурсамі шляхам аховы птушак і іх месцапражыванняў, а таксама адукацыі насельніцтва. Мае партнёраў і прадстаўнікоў больш чым у 100 краінах. Афіц. стратэгія і праграмы М.с.а.п. абмяркоўваюцца кожныя 4 гады на сусв. і рэгіянальных канферэнцыях. Кіруючы орган — Сусв. савет, каардынацыйны — сакратарыят. Самая аўтарытэтная ў свеце арг-цыя папытаннях статуса птушак сусв. фауны і пагрозы іх існаванню. М.с.а.п. супрацоўнічае з рэсп. т-вам «Ахова птушак Беларусі».
А.Я.Вінчэўскі.
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ САВЕ́Т НАВУКО́ВЫХ САЮ́ЗАЎ (МСНС; International Council of Scientific Unions),
навуковая арг-цыя, якая аб’ядноўвае міжнар. саюзы, нац. навук. ўстановы і асацыяцыі па прыродазнаўчых і дакладных навуках. Бярэ пачатак ад Міжнар. асацыяцыі акадэмій (засн. ў 1899), у 1918—19 рэарганізавана ў Міжнар. даследчы савет, з 1931 сучасная назва. Аб’ядноўвае больш за 20 міжнар. навук. і нац. навук. устаноў розных краін. Садзейнічае правядзенню міжнар. навук. праграм, навук. кангрэсаў і інш. У сістэме савета дзейнічаюць навук. і спецыялізаваныя к-ты па антарктычных і водных даследаваннях, праблемах навакольнага асяроддзя і інш.
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАП — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).
М.М.Пікулік.
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З БЫЛЫ́Х МАЛАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ (МСБВФ) краін СНД, грамадска-патрыят. арг-цыя. Створана ў 1986 на базе Сав. дзіцячага фонду імя У.І.Леніна (да 1992 наз. «Дзеці вайны 1941—45»). Уваходзяць саветы б. вязняў краін СНД і Прыбалтыкі, у т.л. Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму. Аб’ядноўвае больш за 450 000 малалетніх вязняў фашызму (1999). Асн. задача — сац. абарона б. малалетніх вязняў, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі, Польшчы і інш. месцах прымусовага ўтрымання прафаш. рэжымаў дзяржаў Еўропы. У саюзе ёсць секцыя «Дзеці-вязні — інваліды Вял. Айч. вайны». Вышэйшы орган МСБВФ — з’езд. Цэнтральны савет арг-цыі знаходзіцца ў Маскве, пры падтрымцы германа-бел., -рас. і -ўкр. фондаў «Узаемаразуменне і прымірэнне», з 1992 у Маскве на рус. мове выдаецца газ. «Судьба». Адбылося 8 з’ездаў МСБВФ, у т.л. 4-ы ў г. Брэст (22.6.1995).
Літ.:
Асколкі болю. Брэст, 1999;
Литвинов В.В. Поезд из ночи. Киев, 1989.
М.П.Клімец.
т. 10, с. 344
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ГЕАЛАГІ́ЧНЫХ НАВУ́К (МСГН),
навуковая арганізацыя, якая каардынуе даследаванні глабальных геал. праблем, садзейнічае міжнар. супрацоўніцтву ў галіне навук аб Зямлі. Засн. ў 1961. Членамі саюза з’яўляюцца нац. геал. арг-цыі больш як 110 краін. Мае пастаянныя камісіі, камітэты, кансультатыўныя саветы. Уваходзіць у склад Міжнар. савета навук. саюзаў. Сакратарыят знаходзіцца ў г. Тронхейм (Нарвегія). Разглядаюцца пытанні, звязаныя з выяўленнем і ацэнкай энергет. і мінер. рэсурсаў, небяспечных геал. працэсаў, з праблемамі глабальных змен у прыродзе і ўплыву геал. працэсаў на навакольнае асяроддзе. Выконваюцца: міжнар. праграмы геал. карэляцыі, праекты па мадэліраванні радовішчаў карысных выкапняў, «Цыркум-Атлантык» і інш. Выдае геал. час. «Episodes» («Эпізоды»), 3 1997 у склад саюза ўваходзіць Бел. нац. камітэт геолагаў (штаб-кватэра ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі).
А.А.Махнач.
т. 10, с. 345