Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАНТЭКО́РВА (Бруна Максімавіч) (22.8.1913, г. Піза, Італія — 26.9.1993),

расійскі фізік, адзін з пачынальнікаў эксперым. даследаванняў нейтрына. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1958). Скончыў Рымскі ун-т (1933), дзе працаваў пад кіраўніцтвам Э.Фермі. З 1936 у н.-д. установах Францыі, ЗША, Канады і Англіі. З 1950 у Ін-це ядз. праблем АН СССР, з 1956 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы высокіх энергій, фізіцы нейтрына і астрафізіцы. Выканаў даследаванні па нейтроннай фізіцы і прапанаваў метад нейтроннага каратажу для пошукаў нафты (1941). Заклаў асновы радыехім. метаду рэгістрацыі сонечных нейтрына (1946). Выказаў гіпотэзу аб магчымасці асцыляцый нейтрына (1957—58). Прапанаваў эксперымент на паскаральніках пратонаў па пошуку адрознення мюоннага нейтрына ад электроннага (1959). Даследаваў ролю нейтрына ў працэсах эвалюцыі зорак, што спрыяла стварэнню нейтрыннай астрафізікі. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэмія СССР 1954.

Тв.:

Нейтрино. М., 1966.

І.​С.​Сацункевіч.

Б.М.Пантэкорва.

т. 12, с. 53

ПАНТЭЛЕРЫ́Я (Pantelleria),

востраў у цэнтры Міжземнага м., у Туніскім прал., на ПдЗ ад Сіцыліі, у складзе Італіі. Пл. 83 км². Выш. да 836 м. П. — надводная ч. патухлага вулкана. Частыя землетрасенні. Сады, вінаграднікі. Порт — Пантэлерыя.

т. 12, с. 53

ПАНТЭО́Н (лац. Pantheon ад грэч. Pantheion месца, прысвечанае ўсім багам),

1) у Стараж. Рыме — «храм усіх багоў» (гл. Рымскі пантэон).

2) Пахавальня выдатных людзей. Звычайна П. размяшчаюць у будынках, якія маюць (ці першапачаткова мелі) культавае прызначэнне [Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане; П. у Парыжы, з 1791, (б. царква Сент-Жэнеўеў, 18 ст., арх. Ж.​Ж.​Суфло)]. Гл. таксама Грабніца.

3) У шырокім сэнсе — найменне гал. багоў у пэўнай рэлігіі (напр., П. багоў-алімпійцаў у стараж. грэкаў).

Пантэон у Парыжы. 18 ст.

т. 12, с. 53

ПАНТЭ́РА,

млекакормячая жывёла сям. кашэчых; адна з назваў барса (леапарда). Чорнай П. наз. меланістычную (цёмнаафарбаваную) форму. У заал. наменклатуры П. (Panthera) — род вял. катоў.

Пантэра.

т. 12, с. 53

«ПАНТЭ́РА» («Panther») № 32, кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. ў жн. 1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 201-й ахоўнай дывізіі з мэтай знішчыць расонскую групу партыз. атрадаў. Не дасягнуўшы мэты, карнікі расстралялі каля 100 мясц. жыхароў, захапілі 475 галоў свойскай жывёлы. За лета 1942 аперацыя «П.» была шостай праваленай спробай «уціхамірыць» насельніцтва раёна.

т. 12, с. 53

ПАНФЁРАЎ (Вадзім Паўлавіч) (н. 16.9.1934, г. Дзмітраў Маскоўскай вобл.),

расійскі і бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1979). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1959). З 1990 у Брэсцкім аддзяленні Ін-та тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па аўтаматызацыі схематэхн. праектавання, сістэмах лагічнага мадэліравання, апісанні алгарытмаў тэнзарнымі ўраўненнямі.

Тв.:

Проектирование и применение систем математического обеспечения. М., 1983.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 53

ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.​Багун, Т.​Кляшторны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1986;

Бел. пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;

Цвёрдым поступам. Мн., 1932.

Літ.:

Стогнут А.С. Ф.​И.​Панферов. 2 изд. Киев, 1969;

Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;

Панферов А.И. Мой старший брат. Саратов, 1986.

т. 12, с. 53

ПАНФІ́ЛАЎ (Глеб Анатолевіч) (н. 21.5.1934, г. Магнітагорск Чэлябінскай вобл., Расія),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1984). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (1960—63), скончыў Уральскі політэхн. ін-т, Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1966). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм», з 1976 на «Масфільме». У 1971—90 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. Фільмам, якія вызначаюцца парадаксальнасцю рэжысёрскага мыслення, цікавасцю да незвычайных характараў, уласцівы рэзкія зломы апавядальнасці, раптоўныя пераходы ад з’едлівай іроніі да трагедыі, ад тонкага псіхал. малюнка да адкрытай эксцэнтрыяды: «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Маці» (1990), «Раманавы. Венцаносная сям’я» (2000) і інш. У Маскоўскім т-ры «Ленком» паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра (1986), «Sorry» А.​Галіна (1992). Дзярж. прэмія Расіі 1985.

т. 12, с. 54

ПАНФІ́ЛАЎЦЫ,

воіны 316-й стралк. дывізіі, якія пад камандаваннем ген.-маёра І.​В.​Панфілава гераічна змагаліся супраць герм. войск у час Маскоўскай бітвы 1941—42 у Вял. Айч. вайну. 7—10 кастр. 1941 дывізія перакінута на Валакаламскі напрамак. 16 кастр. ў час чарговага наступлення праціўніка на Маскву каля раз’езда Дубасекава (на У ад г. Валакаламск) 28 байцоў 4-й роты 2-га батальёна 1075-га стралк. палка на чале з малодшым палітруком В.​Г.​Клачковым у 4-гадзінным баі падбілі 18 варожых танкаў. Амаль усе абаронцы загінулі. 21.7.1942 удзельнікам гэтага бою было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. 18 ліст. 1941 316-я дывізія атрымала найменне 8-й гвардз., 23 ліст. ёй прысвоена імя Панфілава (загінуў 18.11.1941).

т. 12, с. 54

ПАНЦА́К,

у беларусаў буйныя ячныя крупы, а таксама крупнік з мясам або малаком, прыгатаваны з гэтых круп. Вядомы на Гродзеншчыне, Чэрвеньшчыне.

т. 12, с. 54