ПАНФІ́ЛАЎ (Глеб Анатолевіч) (н. 21.5.1934, г. Магнітагорск Чэлябінскай вобл., Расія),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1984). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (1960—63), скончыў Уральскі політэхн. ін-т, Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1966). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм», з 1976 на «Масфільме». У 1971—90 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. Фільмам, якія вызначаюцца парадаксальнасцю рэжысёрскага мыслення, цікавасцю да незвычайных характараў, уласцівы рэзкія зломы апавядальнасці, раптоўныя пераходы ад з’едлівай іроніі да трагедыі, ад тонкага псіхал. малюнка да адкрытай эксцэнтрыяды: «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Маці» (1990), «Раманавы. Венцаносная сям’я» (2000) і інш. У Маскоўскім т-ры «Ленком» паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра (1986), «Sorry» А.​Галіна (1992). Дзярж. прэмія Расіі 1985.

т. 12, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)