МІЯФІБРЫ́ЛЫ (ад мія... + фібрылы),
скарачальныя арганелы ў саркаплазме папярочна-паласатых мышачных валокнаў, сардэчнай мышцы і мышцаў з двайной касой счэрчанасцю; забяспечваюць мышачнае скарачэнне. Дыям. ад 0,5 да некалькіх мікрон. Асн. маса М. — міяфіламенты, або протафібрылы, двух тыпаў: тоўстыя міязінавыя (дыям. 10—15 нм) і тонкія актынавыя (дыям. 5—8 нм). Маюць у сабе таксама бялкі тропаміязін A і B, актыніны і інш. Гл. таксама Мышачнае скарачэнне.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 495
МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы),
ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал. гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).
Т.В.Якубоўская.
т. 10, с. 495