Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІЯКАРДЫЯСКЛЕРО́З,

тое, што кардыясклероз.

т. 10, с. 494

МІЯЛГІ́Я (ад мія... + грэч. algos боль),

боль у мышцах. М. звязваюць з парушэннем пранікальнасці мембран мышачных клетак, ацёкам ці запаленчымі зменамі мышцаў. Боль пры М. бывае востры і тупы. Узнікае пасля пераахаладжэння, мышачнага перанапружання (напр., ператрэніроўка ў спартсменаў, цяжкая фіз. праца), рэзкага руху, траўмы. Пачатковы сімптом многіх хвароб (напр., цукр. дыябету, міязіту, падагры), у т. л. інфекцыйных (напр., грыпу). Лячэнне накіравана на асн. хваробу: анальгетыкі, масаж, іголкатэрапія, электрафарэз.

т. 10, с. 494

МІЯЛО́ГІЯ (ад мія... + ...логія),

раздзел анатоміі, які вывучае будову мышачнай сістэмы. Сістэм. апісанне анатоміі мышцаў зрабіў А.Везалій. На Беларусі даследаванні ў галіне М. праводзяцца ў мед. ін-тах, Акад. фіз. культуры і спорту, Ін-це фізіялогіі Нац. АН (А.​С.​Дзмітрыеў) і інш. Вывучаюцца пытанні развіцця, гісталагічнай будовы, тапагр. анатоміі, гістахіміі, біяхіміі, фізіялогіі мышачнай сістэмы, яе дзейнасці ў розных умовах.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 494

МІЯНСА́РАВА (Тамара Вартанаўна) (9.6. 1913, Масква — 1.10.1990),

бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла Ерэванскую кансерваторыю (1937). У 1932—44 гал. канцэртмайстар Ерэванскага т-ра оперы і балета. З 1944 канцэртмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1948—85 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодала дасканалай тэхнікай, яе выкананню былі ўласцівы адухоўленасць, эмацыянальнасць. Выступала з вядучымі інструменталістамі і вакалістамі Беларусі, у адкрытых канцэртах. Зрабіла шмат запісаў для тэлебачання, радыё, на грампласцінкі.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 10, с. 494

МІЯПА́ТЫЯ (ад мія... + грэч. pathos пакута, хвароба),

група спадчынных хвароб мышцаў, праявамі якіх з’яўляюцца атрафія, мышачная слабасць, зніжэнне мышачнага тонусу, сухажыльных рэфлексаў (да адсутнасці). У аснове развіцця — парушэнне абмену ў мышачных клетках, змены сінтэзу нуклеінавых к-т і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае, лячэбная фіз. культура, масаж, фізіятэрапія.

т. 10, с. 494

МІЯПІ́Я,

тое, што блізарукасць.

т. 10, с. 494

МІЯРЭЛАКСА́НТЫ (ад мія... + лац. relaxatio аслабленне),

група лекавых сродкаў, якія паніжаюць тонус шкілетнай мускулатуры і памяншаюць рухальную актыўнасць. У якасці М. выкарыстоўваюць прэпараты расл. і сінт. паходжання, што блакіруюць перадачу нерв. імпульсаў у нерв.-мышачных сінапсах. Паводле механізму ўздзеяння М. падзяляюць на антыдэпалярызуючыя (канкурэнтныя) і дэпалярызуючыя. Антыдэпалярызуючыя (дыплацын, панкуроній, піпекуроній і інш.) блакіруюць перадачу ўзбуджэння з нерва на шкілетную мышцу за кошт змяншэння адчувальнасці рэцэптара да дзеяння медыятара ацэтылхаліну. Дэпалярызуючыя М. (напр., суксаметоній) выклікаюць стойкую дэпалярызацыю клетачнай мембраны, што таксама парушае правядзенне ўзбуджэння з нерва на мышцу. М. выкарыстоўваюць для расслаблення мышцаў пры хірург. аперацыях, для ўпраўлення вывіхаў, як процісутаргавы сродак пры слупняку, атручэннях і інш.

М.​К.​Кеўра.

т. 10, с. 494

МІЯ́С,

горад у Чэлябінскай вобл. Расіі, на р. Міяс. Засн. ў 1773. 167,2 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Прам-сць: аўтамаб. (выпуск грузавых машын павышанай праходнасці), эл.-тэхн., інструментальная, гумавая. Ракетны цэнтр і канструктарскае бюро. Факультэты Чэлябінскага політэхн. ун-та. Краязнаўчы музей (калекцыя вырабаў з уральскіх мінералаў). Паблізу — Ільменскі запаведнік.

т. 10, с. 495

МІЯСТЭНІ́Я (ад мія... + грэч. astheneia слабасць),

нервова-мышачная хвароба чалавека, якая выяўляецца ў слабасці і празмернай стамляльнасці мышцаў ад парушэння рэгуляцыі абмену рэчываў ц. н. с. і пашкоджання вілачкавай залозы. Часцей хварэюць жанчыны. Пашкоджваюцца пераважна жавальныя, глытальныя, вокарухальныя мышцы. М. цягнецца хвалепадобна з перыядамі паляпшэння. Лячэнне тэрапеўт., рэнтгенатэрапія, выдаленне вілачкавай залозы.

т. 10, с. 495

МІЯТАНІ́Я (ад мія... + грэч. tonos напружанне),

сіндром прыроджанай гіпатаніі ці атаніі мышцаў чалавека ад парушэння абмену рэчываў і пашкоджанняў спіннога мозга. Прыкметы М.: парушэнне маторыкі (галава, рукі, ногі нованароджанага дзіцяці звісаюць уздоўж тулава, дыханне вялае, крык ціхі) без псіхічных расстройстваў. Для характэрных праяў М. выкарыстоўваюць тэрмін «вялае дзіця». Лячэнне: масаж, лячэбная фіз. культура, дазіраваная электрастымуляцыя мышцаў, рэфлексатэрапія.

т. 10, с. 495