КА́ПРА ((Capra) Франк) (19.5.1897, г. Палерма, Італія — 1991),
амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т. Пачынаў як комік у нямых фільмах, паставіў некалькі фільмаў з Г.Лэнгданам, у т. л. «Дужы чалавек» (1926). Лепшыя работы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, свабоднымі дыялогамі, гумарам і прывабнасцю герояў (фільмы «Гэта здарылася аднойчы ў начы», 1934; «Містэр Дзідс пераязджае ў горад», 1936; «З сабою не вынесеш», 1938; за ўсе — прэміі «Оскар»). У час 2-й сусв. вайны кіраваў (з рэж. А.Літваком) стварэннем серыі мантажных фільмаў «Чаму мы ваюем», у т. л. фільма «Бітва за Расію» (1943).
т. 8, с. 29
КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),
дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.
т. 8, с. 29
КАПРА́Л (франц. caporal),
вайсковае званне малодшага каманднага саставу ў некаторых замежных арміях. У рус. арміі існавала ў 17 — пач. 19 ст., заменена на званне унтэр-афіцэр.
т. 8, с. 29
КАПРАЛАКТА́М, ε-капралактам, лактам ε-амінакапронавай кіслаты,
гетэрацыклічнае злучэнне, унутраны цыклічны амід ε-амінакапронавай кіслаты (гл. Лактамы).
Бясколерныя гіграскапічныя крышталі, tпл 68,8 °C, tкіп262.5 °C, шчыльн. 1020 кг/м³ (70 °C, вадкага). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках Полімерызуецца з утварэннем полікапрааміду. У прам-сці найб. пашыраны метад сінтэзу з бензолу. На Беларусі вырабляюць на Гродзенскім вытворчым аб’яднанні «Азот». Выкарыстоўваюць для атрымання полікапрааміду. Таксічны: раздражняе скуру, ГДК 10 мг/м³.
т. 8, с. 29
КАПРАЛІ́ТЫ [ад грэч. kopros памёт, кал + літ(ы)],
выкапнёвыя экскрэменты марскіх жывёл (чарвей, малюскаў, іхтыязаўраў і інш.), што захоўваюць першасную форму, а часам і неператраўленыя рэшткі ежы. Месцамі складаюць марскія мулы. У выкапнёвым стане (з ардовіку) трапляюцца капрагенныя вапнякі, даламіты і фасфарыты, якія ўяўляюць сабой псеўдамарфозы на К. Фасфарытызаваныя К. рыфейскага ўзросту — самыя стараж. сляды жывёл на Зямлі. К. маюць да 55—60% трыкальцыю фасфату і выкарыстоўваюцца як угнаенні. Трапляюцца пераважна ў Вялікабрытаніі і Францыі.
У.Я.Бардон.
т. 8, с. 29
КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш. сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.
т. 8, с. 29
КАПРАФА́ГІЯ,
жыўленне арганізмаў-сапратрофаў (гл. Сапратрофы) экскрэментамі інш. арганізмаў, гал. чынам млекакормячых. У беспазваночных К. пашырана сярод многіх малашчацінкавых чарвей і насякомых (жукі-гнаевікі, лічынкі двухкрылых, дажджавыя чэрві і інш.). Для некаторых жывёл (бабры, зайцы, трусы, сенастаўкі) К. — абавязковая ўмова нармальнай жыццядзейнасці; пры адсутнасці яе жывёлы знясільваюцца, парушаюцца многія функцыі іх арганізма. К. павялічвае эфектыўнасць стрававання, спрыяе рэутылізацыі і распаду арган. рэшткаў, найперш азоцістых рэчываў і цэлюлозы, а таксама амінакіслот і вітамінаў, якія выпрацоўваюцца кішэчнай мікрафлорай.
І.Е.Кернажыцкая, Э.Р.Самусенка.
т. 8, с. 29
КА́ПРЫ (Capri),
востраў у Тырэнскім м., на Пд Неапалітанскага заліва. Тэр. Італіі. Пл. 10,4 км². Выш. да 589 м. Складзены пераважна з вапнякоў. Абрывістыя берагі з прыроднымі аркамі і пячорамі (Блакітны грот і інш.). Міжземнаморскія хмызнякі. Субтрапічнае земляробства і садаводства. Рыбалоўства. Турызм. Курорты: Капры, Анакапры і інш.
т. 8, с. 29
КА́ПРЫ (Capri),
прыморскі кліматычны курорт у Італіі на аднайм. востраве ў Неапалітанскім зал. Міжземнага м. Субтрапічны клімат, маляўнічыя ландшафты, пячоры, гроты ператварылі К. ў буйны цэнтр лячэння многіх хвароб, адпачынку і турызму міжнар. значэння.
т. 8, с. 29