КАПРАФА́ГІЯ,

жыўленне арганізмаў-сапратрофаў (гл. Сапратрофы) экскрэментамі інш. арганізмаў, гал. чынам млекакормячых. У беспазваночных К. пашырана сярод многіх малашчацінкавых чарвей і насякомых (жукі-гнаевікі, лічынкі двухкрылых, дажджавыя чэрві і інш.). Для некаторых жывёл (бабры, зайцы, трусы, сенастаўкі) К. — абавязковая ўмова нармальнай жыццядзейнасці; пры адсутнасці яе жывёлы знясільваюцца, парушаюцца многія функцыі іх арганізма. К. павялічвае эфектыўнасць стрававання, спрыяе рэутылізацыі і распаду арган. рэшткаў, найперш азоцістых рэчываў і цэлюлозы, а таксама амінакіслот і вітамінаў, якія выпрацоўваюцца кішэчнай мікрафлорай.

І.​Е.​Кернажыцкая, Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)