КА́ПРА ((Capra) Франк) (19.5.1897, г. Палерма, Італія — 1991),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т. Пачынаў як комік у нямых фільмах, паставіў некалькі фільмаў з Г.​Лэнгданам, у т. л. «Дужы чалавек» (1926). Лепшыя работы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, свабоднымі дыялогамі, гумарам і прывабнасцю герояў (фільмы «Гэта здарылася аднойчы ў начы», 1934; «Містэр Дзідс пераязджае ў горад», 1936; «З сабою не вынесеш», 1938; за ўсе — прэміі «Оскар»). У час 2-й сусв. вайны кіраваў (з рэж. А.​Літваком) стварэннем серыі мантажных фільмаў «Чаму мы ваюем», у т. л. фільма «Бітва за Расію» (1943).

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)