сіп 1, ‑у, м.
Тое, што і сіпата; асіпласць.
сіп 2, ‑а, м.
Буйная птушка падатрада сапраўдных драпежных з бурым апярэннем і белым пухам на галаве і шыі (жыве ў высакагорных раёнах).
[Ад грэч. gyps, gypós — каршун.]
сіпава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху сіпаты, сіплы. — Хораша ў нас на Волзе! — вымаўляе падарожны грудным, трохі сіпаватым голасам. Багдановіч. Яшчэ некалькі хвілін і гэтая сіпаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас.
сіпа́й, ‑я, м.
Гіст. Наёмны салдат англійскага каланіяльнага войска ў Індыі, якое фарміравалася з мясцовых жыхароў у 18–20 стст.
[Ад перс. sepahi — салдат.]
сіпа́йскі, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які мае адносіны да сіпая, які належыць, уласцівы яму. Сіпайскае войска. Сіпайскае паўстанне.
сіпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
1. Уласцівасць і стан сіпатага; сіпатыя гукі. Ад натугі.. голас [хлопчыка] то бадзёра ўзлятаў, то з сіпатой спадаў. М. Ткачоў.
2. Адчуванне сухасці ў горле, што перашкаджае яснасці, выразнасці мовы. Сіпата ў горле. Крычаць да сіпаты.
сіпа́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан сіпатага. Сіпатасць голасу.
сіпа́ты, ‑ая, ‑ае.
Які страціў чысціню і гучнасць (пра голас, гукі і пад.). — Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым, прастуджаным голасам гаварыў капітан. Быкаў. За парканам слізгануў па туга напятым дроце ланцуг, і ўжо ў наступны момант зайшоўся сіпатым брэхам сабака. Сабаленка. Глядзіш, праз пару месяцаў яго сіпаты гармонік ужо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Які гаворыць прыглушана-хрыплым голасам (пра чалавека). Наставіў каўнер ад сцюжы ссінелы сіпаты жаўнер. Вялюгін. / у знач. наз. сіпа́ты, ‑ага, м.; сіпа́тая, ‑ай, ж. — Ці чуеш, Іван, хто гэта тут чмыхае? — раптам спытаў сіпаты. Ваданосаў.
сіпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Гаварыць сіпатым голасам. Сіпае дзяўчына, і ані не разабраць ніводнага слова. Ермаловіч. Ячны сіпае праз суконную хустку, якой абвязана шыя да самых вуснаў. Брыль. Бабка, гаворачы гэта, аж сіпала ад абурэння. Колас.
сіпе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сіпець; гукі гэтага дзеяння. Даходзяць толькі гукі — выццё снарадаў, .. сіпенне асколкаў... Мележ. [Ракета] з сіпеннем узвілася ўгору і ярка-белым камяком агню ўпала ў рэчку. Хомчанка. [Кобра] з лёгкім сіпеннем маланкава ўскідваецца на рукі заклінальніка. «ЛіМ».
сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.
2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.