Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сімазі́н, ‑у, м.

Разнавіднасць гербіцыдаў, прэпарат для знішчэння пустазелля ў садах, на кукурузных палях і інш.

сімані́я, ‑і, ж.

Гіст. Продаж і купля царкоўных пасад, распаўсюджаныя ў сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе. // Пра несумленнае набыццё царкоўнай пасады.

[Ад імя біблейскага вешчуна Сімона.]

сімбіёз, ‑у, м.

Форма сумеснага жыцця арганізмаў розных відаў, пры якім арганізмы прыносяць карысць адзін аднаму. Сімбіёз грыба і водарасці. □ Клубяньковыя бактэрыі жывуць у сімбіёзе з струкавымі раслінамі. Гаркуша. / у перан. ужыв. Ігнат Дуброўскі не стаў паэтам. Эканоміка і... паэзія? Цяжка ўявіць сабе больш неверагодны сімбіёз. Лобан.

[Ад грэч. symbiōsis — сумеснае жыццё.]

сімбіёнт, ‑а, М ‑нце, м.

Арганізм, які ўдзельнічае ў сімбіёзе.

сі́мвал, ‑а, м.

Умоўнае абазначэнне, знак якога‑н. прадмета, з’явы, ідэі. Белы голуб — сімвал міру. □ І няслі мы сцяг чырвоны, — Сімвал вольнасці і працы, — Ў бойках кулямі прабіты. Броўка. І тут здарылася якраз тое, што непазбежна павінна было здарыцца. Дзядзька Пятрусь стаў для Даніка сімвалам надзей і спадзяванняў. Майхровіч. Зубр — сімвал імклівай сілы — стаў эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвалам «машыннай сілы краіны». В. Вольскі. // У літаратуры — мастацкі вобраз, які ўмоўна перадае якую‑н. думку, ідэю, перажыванне. Не традыцыйная высокая муза, а народная жалейка стала сімвалам, увасабленнем паэзіі. Івашын. // Спец. Умоўнае абазначэнне якой‑н. велічыні, паняцця, прынятае той ці іншай навукай. Сімвалы хімічных элементаў.

•••

Сімвал веры — а) кароткі выклад асноўныя дагматаў хрысціянскай рэлігіі; б) перан. асноўныя перакананні.

Сімвал часу (кніжн.) — тое, што з’яўляецца найбольш тыповым для таго ці іншага часу.

[Ад грэч. symbolon — умоўны знак, прыкмета.]

сімвалізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сімвалізаваць.

сімвалізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да сімвалізаваць.

сімвалізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

З’явіцца (з’яўляцца), быць сімвалам чаго‑н. Верш «Тры браты» сімвалізуе сабой адзінства рускага, украінскага і беларускага народаў. «Полымя». [Кола], якое запальвалі на купалле, .. магло ва ўяўленні старажытнага чалавека сімвалізаваць сонца. Ліс.

сімваліза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сімвалізаваць.

сімвалі́зм, ‑у, м.

1. Антырэалістычная плынь у літаратуры і мастацтве канца 19 — пачатку 20 стст., якая культывавала адрыў мастацтва ад рэальнага жыцця, абвяшчала сваім мастацкім прыёмам сімвал як выразнік недаступнай розуму сутнасці рэчаў і з’яў. Філасофская, эстэтычная прырода дэкадэнцкіх плыней сімвалізму і імпрэсіянізму не аказала прыкметнага ўздзеяння на ідэйна-творчыя пазіцыі Купалы і іншых беларускіх пісьменнікаў. Навуменка.

2. Тое, што і сімволіка (у 1 знач.). Сімвалізм вясельных абрадаў.