сівабаро́ды, ‑ая, ‑ае.
З сівой барадой. Яшчэ дзецюком я любіў гутарыць з сівабародымі дзядамі. Ермаловіч. Вось і клуб. Кучка дзяўчат, акружаная салдатамі. Сівабародыя дзяды на лавачцы частуюць старшыну самасадам. Марціновіч.
сівабро́вы, ‑ая, ‑ае.
З сівымі бровамі. Загарэлы, сівабровы Наш заслужаны пастух. Панчанка.
сівавало́сы, ‑ая, ‑ае.
З сівымі валасамі. Сівавалосы стары. □ — А ў мяне сёння першае спатканне, — таямніча прызналася Яніна і, пацалаваўшы сівавалосую галаву цёці Фені, выбегла з пакоя. Сіняўскі.
сіваваро́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑дак; ж.
Пералётная птушка сямейства сіваваронкавых з яркім зеленавата-блакітным апярэннем; сіваграк. Ды і птушкі былі некаторыя — зусім як з-пад экватара, напрыклад, сіваваронка. Калі яна раскрывала сваё крылле ў палёце, здавалася, што ляціць нейкая казачная райская птушка: усе колеры вясёлкі зіхацелі ў яе падкрыллі. Дубоўка.
сіваваро́нкавыя, ‑ых.
Сямейства птушак атрада ракшападобных, пашыранае ў Еўропе, Азіі і Паўночнай Афрыцы.
сівава́ты, ‑ая, ‑ае.
Злёгку, не зусім сівы (у 1, 2 і 4 знач.). Сіваватыя бровы. □ На круглым твары цаглянага колеру тырчэлі сіваватыя тоўстыя вусы. Бядуля. Рассунуў баравік ля хвоі Мох сіваваты над сабой. Ляпёшкін.
сіваву́сы, ‑ая, ‑ае.
З сівымі вусамі. Пажылы, друзлы сівавусы палкоўнік сядзеў у штабе польскай дывізіі, схіліўшыся над ваеннай тапаграфічнай картаю Палескага раёна. Колас.
сівагало́вы, ‑ая, ‑ае.
З сівой галавой. [Яраш] бадай пакутаваў, калі бачыў, што маладыя ўрачы баяцца яго і праяўляюць залішнюю пачцівасці, быццам ён сапраўды сівагаловы прафесар, сусветнае свяціла. Шамякін.
сівагра́к, ‑а, м.
Тое, што і сіваваронка. Маляўнічая афарбоўка сіваграка надае яму незвычайны, нетутэйшы выгляд. В. Вольскі.
сівагры́вы, ‑ая, ‑ае.
З сівой грывай. Сівагрывы конь. / у вобразным ужыв. Заглядзіцца месяц сівагрывы, Дол пакрые тонкім серабром. Лявонны.