куда́хтанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. кудахтаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Кудахтанне курэй.
куда́хтаць, ‑хчу, ‑хчаш, ‑хча; незак.
Ствараць гукі, падобныя на «куд-кудах» (пра курэй). Па ферме кудахталі куры, пеўні адзін перад другім выхваляліся сваімі галасамі. Даніленка. // перан. Крыкліва гаварыць, расказваць. — Ну годзе кудахтаць на ўсю вуліцу.., — агрызнуўся паліцэйскі і, падштурхнуўшы Джыавані, загадаў яму: — Пайшлі! Лынькоў.
кудзе́лісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Падобны на кудзелю; лахматы, пушысты. Кудзелістыя валасы. Кудзелістая барада. / Пра дым, туман, хмары і пад. З ракі пацягнула вільготнай свежасцю, ветрык разарваў пасму туману і кудзелістыя абрыўкі яго пагнаў на луг. Хадкевіч.
кудзе́ліцца, ‑ліцца; незак.
Разм. Станавіцца падобным на кудзелю. Праходзіў ваяўнічы настрой пана Зыгмунта. Абвісалі і кудзеліліся вусы, нязграбнымі рабіліся рудыя халяўкі. Лынькоў. На месяц наплываюць доўгія белыя палосы, Іх нешта валачэ з захаду на ўвесь край неба. Над хатай яны кудзеляцца, расплываюцца, як белыя гусі на віры. Пташнікаў.
кудзе́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Разм. Рабіць падобным на кудзелю. Цягнуліся з комінаў слупы дыму. Праўда, вецер збіваў іх часам, прыгінаў да стрэх, кудзеліў. Лынькоў.
кудзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з кудзелі. [Дзядзька] ляжаў на драўляным ложку, пад старой кудзельнай коўдрай. Брыль.
кудзе́ля, ‑і, ж.
Валакно лёну, канапель, апрацаванае для прыгатавання пражы. Прасці кудзелю. □ На лаве стаяць тры прасніцы. Дзве з кудзеляю, адна з воўнаю. Чорны. // Ачоскі лёну, пянькі. Сядзелі за прасніцамі жанкі, прадучы кужаль і кудзелю. Васілевіч.
ку́дзер, ‑а, м.
Разм. Кучаравая пасма валасоў; локан. Малое кранула залацістыя кудзеры, правяло пальцам па ямачках на шчоках і весела ўсклікнула. Няхай.
ку́дзерка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. часцей мн. (ку́дзеркі, ‑рак). Кучаравыя або накручаныя валасы. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк.
2. Абл. Невялікі вузкі ўчастак лесу. Цімохава сядзіба стаяла на горцы каля кудзеркі невялічкага кучаравага сасонніку. Колас.