ку́ча, ‑ы, ж.
1. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, у беспарадку наваленых адзін на другі. Куча камення. Куча галля. // Вялікая колькасць чаго‑н. сыпкага, зваленая горкай на адным месцы. Куча пяску. □ Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.
2. Гурт людзей, жывёл. — Разыдзіцеся, хлопцы, не збірайцеся ў кучы! — загадаў начальнік дэпо. Лынькоў. Вось коцяцца, як клубкі, авечкі, то рассыпаючыся, то збіваючыся ў густую кучу. Якімовіч.
3. Разм. Мноства; вялікая колькасць. Мець кучу грошай. Куча непрыемнасцей. □ Цяпер дзве Іванавы сястры замужам, старэйшы брат Спірыдон ажаніўся, сваіх дзяцей куча. Чарнышэвіч.
•••
Валіць (усё) у адну кучу гл. валіць.
Куча мала — вокліч у дзіцячай гульні, па якому ўдзельнікі падаюць адзін на аднаго.
кучавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае выгляд густых клубоў, куч (пра воблакі).
кучара́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць кучаравага. Кучаравасць валасоў.
кучара́вінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Завіток валасоў. / Пра завіток дыму, туману. Над рачулкай .. паволі ўзнікалі кучаравінкі туману. Лынькоў.
кучара́вісты, ‑ая, ‑ае.
Які кучаравіцца, выглядае кучаравыя. Кучаравісты чуб. Кучаравістыя туманы.
кучара́віцца, ‑віцца; незак.
Віцца, закручвацца ў кучары (пра валасы). Валасы кучаравіліся з-пад шапкі. Чорны. / Пра пышную зялёную расліннасць. На балоце там і тут кучаравіліся кусты лазы. Мележ. / Пра дым, туман, хмары. Над .. высачэзнымі вежамі-трубамі кучаравіцца рыжы дым. Бядуля.
кучара́віць, ‑раўлю, ‑равіш, ‑равіць; незак., каго-што.
Рабіць кучаравым. Кучаравіць валасы. □ Вецер, вецер гне калоссе, кучаравіць сенажаць... Машара.
кучара́вы, ‑ая, ‑ае.
Які завіваецца, з завіткамі (пра валасы). На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка. // З завітымі, закручанымі валасамі ці шэрсцю. Кучаравы хлопчык. Кучаравая галава. / Пра дым, туман, хмары. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы. Журба. // перан. З густой пышнай кронай (пра дрэвы). Пахла і звінела пчаліным звонам алея маладога кучаравага ліпняку. Васілевіч.
ку́чары, ‑аў; адз. няма.
Разм. Кучаравыя або завітыя валасы. Маладая жанчына з прыгожым тварам, з белакурымі кучарамі, крыху напушчанымі на шыракаваты лоб, нечым прывабіла не старога яшчэ палкоўніка. Сабаленка.
ку́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да куча (у 1, 2 знач.); невялікая куча. Кучкі саломы з-пад камбайна.
2. Невялікая група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі. Кучка прыгнятальнікаў.
•••
Магутная кучка — група прагрэсіўных рускіх кампазітараў другой палавіны 19 ст. (Балакіраў, Барадзін, Кюі, Мусаргскі і Рымскі-Корсакаў), якія змагаліся за развіццё нацыянальнай музычнай культуры.