Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ку́па, ‑ы, ж.

1. Група дрэў, кустоў, якія густа растуць. Усцяж дарогі ўздымаліся стромкія хвоі, чарнелі купы кустоў, падобныя на нейкія прывіды. Шчарбатаў. За драбналессем паказалася густая купа старых сосен. Новікаў.

2. Гурт, група (звычайна пра людзей). Рыгор угледзеў наперадзе густую купу людзей. Гартны. Калі робіш у купе, то не баліць у пупе. З нар.

3. Абл. Тое, што і куча (у 1 знач.). У застаронку каля сцяны ляжала толькі купа саломы. Мележ.

4. Абл. Торф, звычайна сухі. Дыміць тытунь у піпцы прэлай купаю. Барадулін.

•••

Да купы — у адно месца.

купа́ж, ‑у, м.

Змешванне розных він у пэўных суадносінах, каб атрымаць вялікія партыі аднародных він пэўнага тыпу і саставу, палепшыць якасць зыходных він.

[Фр. coupage.]

ку́пал, ‑а, м.

1. Дах, верхняе скляпенне ў форме паўшар’я. Купал царквы. □ Здалёк відаць вялікі купал, напэўна, сабора, прыгожыя будынкі, прычалы з суднамі. Мележ.

2. перан. Пра якую‑н. паверхню, прадмет, што маюць такую форму. Купал неба. Купал парашута. □ Над галавой трапятаўся бялявы купал парасона. Алешка.

[Іт. cupola.]

купалападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму купала. Купалападобныя горы.

купа́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Род травяністых раслін сямейства складанакветных з дробнымі кветкамі, некаторыя віды якіх з’яўляюцца меданоснымі, другія змяшчаюць эфірны алей і скарыстоўваюцца ў медыцыне.

2. Купальская песня. Сярод іншых каляндарных песень была і адна купалка ў спеўніку Уладзіміра Тэраўскага. Ліс.

купа́лле, ‑я, н.

Старажытнае свята летняга сонцастаяння ва ўсходніх славян, якое святкавалася ў ноч з 23 на 24 чэрвеня ст. ст.

купа́льнік 1, ‑у, м.

Высокая травяністая расліна сямейства складанакветных з жоўтымі кветкамі (скарыстоўваецца ў медыцыне).

купа́льнік 2, ‑а, м.

Разм. Касцюм для купання.

ку́пальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да купала. Купальнае перакрыцце.

купа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да купання. Купальны сезон. // Прызначаны для купання. Купальны касцюм.

купа́льня, ‑і; Р мн. ‑лень; ж.

Лёгкая пабудова на вадзе для купання або каля вады для раздзявання купальшчыкаў. // Агароджаны ўчастак вадаёма для купання.

купа́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да купалля, да абрадаў, звязаных з гэтым святам. Купальская ноч. Купальскія абрады. □ Шчасця купальскую кветку У Пушчы дзяды шукалі. Лойка.