кут, ‑а, М куце, м.
1. Месца, дзе сыходзяцца ўнутраныя бакі прадмета; частка памяшкання, прастора паміж дзвюма сценамі. Хадзіць з кута ў кут. □ Валерый ужо сам звярнуў увагу на фатаграфіі, што займалі ўвесь кут і яшчэ далей разбягаліся па сцяне. Б. Стральцоў. // Самае пачэснае месца за сталом на покуці. Сівой барадзе Месца на куце. Лось. — Кут дарагому госцю, — гаварыў [поп] ужо ў пакоі і піхаў сілком Шклярскага на кут за сталом. Галавач.
2. Частка пакоя, якая здаецца ў наймы. Заўсёды ў .. [Альбіны Сільвестраўны] жыла дзяўчына або дзве, спалі на адным ложку. І выбірала сабе яна пераважна студэнтак. Цяпер гэты кут пуставаў. Ракітны.
3. Жыллё, прыстанак, месца жыхарства (звычайна ў спалучэннях «свой кут», «мець кут» і пад.). І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут. Колас.
4. перан. Мясцовасць, звычайна глухая, далёкая. Глухі кут. □ — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут Сядзець. Маўр.
•••
Мядзведжы кут (куток) — пра аддаленае, маланаселенае, глухое месца.
кута́с, ‑а, м.
Пучок нітак, звязаных разам на адным канцы, які служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Пояс з кутасамі.
куткавы́, ‑ая, ‑ое.
Абл. Кутні. Пакой Любы, куткавы, адным акном на раку, а другім на вуліцу, быў сціпленькі і чысты. Мурашка.
ку́тні, ‑яя, ‑яе.
Які знаходзіцца, размешчан у куце. Кутняе акно. □ Невялікае памяшканне чайной было амаль пустое, толькі за кутнім сталом ля печкі вольна расселіся трое. Быкаў.
•••
Кутнія зубы гл. зуб.
ку́тнік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і кутні зуб (гл. зуб).
куто́к, ‑тка, м.
1. Тое, што і кут. Здаць куток. □ [Бешчат] устаў і пачаў хадзіць з кутка ў куток. Бажко. У самыя глухія куткі дайшла вестка пра Леніна, які хоча вызваліць людзей з няволі. Гурскі. Яна з мужам марылі аддзяліцца ад сям’і, каб абзавесціся ўласным кутком. Лынькоў.
2. Зацішная, прыгожая, маляўнічая мясцовасць. Прыемна прайсціся, падыхаць свежым паветрам. Ды і куток тут маляўнічы. Астрэйка. Зачаравана глядзеў я маладымі вачамі на прыгожы куток Магілеўшчыны. Кавалёў.
•••
Жывы куток — кабінет прыроды, дзе знаходзяцца жывыя жывёліны, а таксама іх чучалы.
Чырвоны куток — памяшканне ва ўстанове, інтэрнаце і пад., адведзенае для культурна-асветніцкай работы.
Мядзведжы куток — тое, што і мядзведжы кут (гл. кут).
куто́ра, ‑ы, ж.
Невялічкая насякомаедная жывёліна сямейства землярыек; вадзяная землярыйка.
куто́чак, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да кут, куток.
куту́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Уст. Турма, арыштанцкая камера. — Толькі пра гэта цяпер няможна гаварыць, бо як пачуе паліцыя, то як таго дзядзьку Данілу адразу арыштуе і ў кутузку пасадзіць. Каліна.
куту́м, ‑а, м.
Каштоўная прамысловая рыба сямейства карпавых (водзіцца ў Каспійскім моры).