кут, ‑а, М куце, м.

1. Месца, дзе сыходзяцца ўнутраныя бакі прадмета; частка памяшкання, прастора паміж дзвюма сценамі. Хадзіць з кута ў кут. □ Валерый ужо сам звярнуў увагу на фатаграфіі, што займалі ўвесь кут і яшчэ далей разбягаліся па сцяне. Б. Стральцоў. // Самае пачэснае месца за сталом на покуці. Сівой барадзе Месца на куце. Лось. — Кут дарагому госцю, — гаварыў [поп] ужо ў пакоі і піхаў сілком Шклярскага на кут за сталом. Галавач.

2. Частка пакоя, якая здаецца ў наймы. Заўсёды ў .. [Альбіны Сільвестраўны] жыла дзяўчына або дзве, спалі на адным ложку. І выбірала сабе яна пераважна студэнтак. Цяпер гэты кут пуставаў. Ракітны.

3. Жыллё, прыстанак, месца жыхарства (звычайна ў спалучэннях «свой кут», «мець кут» і пад.). І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут. Колас.

4. перан. Мясцовасць, звычайна глухая, далёкая. Глухі кут. □ — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут Сядзець. Маўр.

•••

Мядзведжы кут (куток) — пра аддаленае, маланаселенае, глухое месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)