Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

а́рфа 1, ‑ы; Р мн. ‑аў; ж.

Шчыпковы музычны інструмент у выглядзе вялікай трохвугольнай рамы з нацягнутымі на ёй струнамі.

•••

Эолава арфа — скрынка з тонкіх дошчачак з нацягнутымі на ёй струнамі, якія гучаць пад дзеяннем ветру (ад імя міфічнага грэчаскага ўладара вятроў Эола).

[Ням. Harfe.]

а́рфа 2, ‑ы; Р мн. ‑аў; ж.

Сельскагаспадарчая машына для ачысткі зерня пасля малацьбы ад мякіны і смецця. Стаяць пад крытым дахам Арфы, сеялкі, плугі. Калачынскі.

арфава́льшчык, ‑а, м.

Той, хто працуе на арфе ​2.

арфава́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да арфавальшчык.

арфава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. арфаваць.

арфава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад арфаваць.

2. у знач. прым. Ачышчаны арфаваннем. Арфаваны ячмень.

арфава́цца, ‑фуецца; незак.

Зал. да арфаваць.

арфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., што і без дап.

Ачышчаць арфай зерне ад мякіны і смецця. З няяснымі надзеямі.. [Скуратовіч] пайшоў у гумно арфаваць на насенне жыта. Чорны. Як ішла лён абіваць, Пад нагамі цёрся жвір; Нібы семя арфаваць, — За мной следам брыгадзір. Купала.

арфаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арфаграфіі. Адзіны арфаграфічны рэжым. Арфаграфічны слоўнік. Арфаграфічныя памылкі.

арфагра́фія, ‑і, ж.

Сістэма правіл напісання слоў пэўнай мовы; правапіс. // Ступень засваення правіл правапісу.

[Ад грэч. orthos — правільны і grapho — пішу.]

арфаэпі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арфаэпіі. Арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы.