арыгіна́л, ‑а, м.
1. Тое, што з’яўляецца прадметам узнаўлення, капіравання, спісвання і пад.; проціл. копія, спіс. Арыгінал карціны, рукапісу. // Тэкст, які перакладаецца на іншую мову. Блізкасць перакладу да арыгінала. Чытаць у арыгінале. // Спец. Рукапіс, з якога робіцца набор. Вычытаць арыгінал.
2. Непадобны да іншых (пра чалавека); дзівак.
[Ад лац. originalis — першапачатковы.]
арыгіна́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жан. да арыгінал (у 2 знач.).
арыгіна́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць арыгінальнага. Прэтэнзія на арыгінальнасць.
арыгіна́льнічанне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. арыгінальнічаць.
арыгіна́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Старацца быць непадобным да іншых; дзівацкімі ўчынкамі, меркаваннямі звяртаць на сябе ўвагу.
арыгіна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца арыгіналам (у 1 знач.); сапраўдны, першапачатковы. Арыгінальны рукапіс.
2. Створаны самастойна; не запазычаны, не перакладны. Арыгінальнае мастацкае рашэнне. Арыгінальны рэпертуар. □ Цікавымі паэтычнымі творамі з’яўляюцца першыя арыгінальныя беларускія байкі. Казека.
3. Непадобны да іншых, самабытны. Арыгінальны падыход. □ Адчувалася, што.. ў.. [Чорнага] ёсць свежыя назіранні і сваё, арыгінальнае ўспрыманне свету. Барсток. [Ваброў:] — Я хачу толькі сказаць, калегі, што думка Івана Іванавіча вельмі арыгінальная. Гамолка. // Своеасаблівы, незвычайны. Нават форма цела ў ментуза надзвычай арыгінальная: вялікая, сплюснутая спераду галава, шырокая пашча з мясістымі, тоўстымі губамі, кароткія вусікі на падбародку. Матрунёнак. Твор [«Вялікае сэрца»] пачынаецца з арыгінальнай дэталі, якая адразу характарызуе галоўнага героя. Луфераў.
арыентава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. арыентаваць, арыентавацца (у 1, 2 знач.).
арыентава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад арыентаваць.
арыентава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.
1. Вызначаць паводле якіх‑н. арыенціраў сваё становішча на мясцовасці або кірунак свайго руху. Уменне арыентавацца на мясцовасці. // Разбірацца ў размяшчэнні чаго‑н., уяўляць сваё месцазнаходжанне. У Янкі не было ахвоты цягацца з кашом па хв[о]йн[і]ках, ён слаба арыентаваўся ў лесе дый вочы меў блізарукія. Колас.
2. перан. Разбірацца ў чым‑н. [Андрэй] добра арыентуецца ў складанай абстаноўцы, узначальвае кіраўніцтва забастоўкай, стварае акружком, райкомы. Хромчанка.
3. перан.; на каго-што. Вызначаць кірунак сваёй дзейнасці, лінію сваіх паводзін у залежнасці ад каго‑, чаго‑н.; спадзеючыся на каго‑, што‑н.
арыентава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
1. Даваць магчымасць вызначыць сваё становішча на мясцовасці або кірунак свайго руху. // Надаваць патрэбны кірунак (карце, прыладзе і пад.) адносна напрамкаў свету. Арыентаваць касмічны лятальны апарат.
2. перан. Памагаць каму‑н. разабрацца ў чым‑н. Арыентаваць у пытаннях палітыкі.
3. перан.; на каго-што. Ставіць перад кім‑, чым‑н. пэўную мэту, задачу; указваць каму‑н. кірунак далейшай дзейнасці. Выказванне Янкі Купалы пра зборнік «На этапах» арыентавала даследчыкаў уважліва і чула адносіцца да твораў заходнебеларускага паэта [Максіма Танка]. У. Калеснік.
[Ад фр. orienter.]