ару́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Абл. Адгароджанае месца ў клеці, куды ссыпаюць збожжа, муку і пад.; засек. [Сцяпан:] Яшчэ я на тое ёсць, і ў сваёй хаце гаспадар, а не госць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд. Купала. Потам крывавым абліты здабытак ехаў у панскія свірны, аруды. Дубоўка. Руні ў аруды не кладуць. Прымаўка.
ару́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.
Разм.
1. чым. Дзейнічаць пры дапамозе якой‑н. прылады. Арудаваць сякерай, пяром, пікай. □ [Іван] закручвае на пальцы вузел і пачынае арудаваць іголкай. Лынькоў.
2. Распараджацца, кіраваць чым‑н.; гаспадарыць дзе‑н. [Зіна:] — [Муж] на «анамаліі» арудуе, а.. [Фрося] — дырэктар навукова-даследчай станцыі. Васілевіч. // Праяўляць дзейнасць (звычайна адмоўную); дзейнічаць. [Віхура:] На будаўніцтве не ўсё ў парадку. Відаць, чыясьці рука лоўка арудуе. Гурскі. Уперадзе.. [Галаўнёў] заўважыў Карпенку, які з купкай байцоў арудаваў сярод фашыстаў. Дудо.
арудзяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які ператварыўся ў руду ў выніку насычэння тымі або іншымі металамі.
арудзяне́ць, ‑ее; зак.
Спец. Ператварыцца ў руду ў выніку насычэння тымі або іншымі металамі.