Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арба́, ы́; мн. а́рбы, ‑аў; ж.

Высокі двухколы воз у Сярэдняй Азіі, а таксама доўгі чатырохколы — на Украіне, у Крыме, на Каўказе. Гамрэкелі стаяў на двары, наглядаючы за работай парабкаў, якія грузілі на арбу мяхі з агуркамі. Самуйлёнак.

арбале́т, ‑а, М ‑леце, м.

Сярэдневяковая ручная кідальная прылада ў еўрапейскіх краінах — удасканалены лук; самастрэл, самапал.

[Фр. arbalète.]

арбалі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Разнавіднасць лёгкага бетону, які вырабляецца са звычайнага бетону з дабаўленнем драўняных адходаў (выкарыстоўваецца для пабудовы малапавярховых дамоў).

[Ад лац. arbor — дрэва і грэч. líthos — камень.]

арбі́та, ‑ы, ДМ ‑біце, ж.

1. Шлях руху нябеснага цела. Арбіта Венеры. Арбіта Месяца.

2. перан.; чаго. Кніжн. Сфера дзеяння, пашырэння чаго‑н. Арбіта ўплыву.

3. Вочная ўпадзіна; вачніца. Расказвалі, напрыклад, што гітлераўскі генерал Гофмт пры адным упамінанні імя Каўпака станавіўся барвовы ад гневу, і яго пукатыя вочы ажно вылазілі з арбіт. Краўчанка.

[Лац. orbita.]

арбіта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца па арбіце. Арбітальны палёт. // Які рухаецца або прызначаны для руху па арбіце, які знаходзіцца на якой‑н. арбіце. Арбітальная ракета.

арбі́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да арбіты. Арбітныя змяненні.

арбі́тр, ‑а, м.

Суддзя, пасрэднік у прымірэнчым або трацейскім вырашэнні спрэчак; трацейскі суддзя. У гэтых спрэчках Лемяшэвіч выступаў у ролі арбітра. Шамякін. // Суддзя ў спартыўных спаборніцтвах.

[Лац. arbiter.]

арбітра́ж, ‑у, м.

Вырашэнне арбітрамі спрэчак, якія не падлягаюць кампетэнцыі суда; трацейскі суд.

[Фр. arbitrage.]

арбітра́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арбітражу. Арбітражная камісія.