Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

а́рка, ‑і, ДМ арцы; Р мн. арак; ж.

1. Дугападобнае перакрыцце праёма ў сцяне (акна, дзвярэй) або пралёту паміж дзвюма апорамі слупамі, устоямі моста і інш. Ля ўзбярэжжа.. [Нэля] міжвольна павярнулася ў бок чыгункі і ўбачыла сталёвыя аркі моста, што навіслі над ракою. Лупсякоў.

2. Дэкаратыўнае збудаванне ў выглядзе варот, з праездамі, завершанымі скляпеннем. Трыумфальная арка.

[Іт. arco ад лац. arcus — дуга.]

а́ркавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і арачны. Аркавы пралёт.

арка́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Шэраг арак аднолькавай велічыні і формы, якія апіраюцца на слупы або калоны.

[Фр. arcade.]

арка́н, ‑а, м.

Доўгая вяроўка з рухомай пятлёй на канцы, якой ловяць жывёлу; ласо.

•••

І на аркане не зацягнеш гл. зацягнуць.

[Цюрк.]

арка́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

Лавіць арканам.

арка́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аркана. Арканны шост.

арке́стр, ‑а, м.

1. Сукупнасць музычных інструментаў, што ўдзельнічаюць у выкананні музычнага твора; калектыў музыкантаў, якія сумесна выконваюць музычны твор. Сімфанічны аркестр. Духавы аркестр. Зводны аркестр. Аркестр цымбалістаў. □ Барабан, дзве скрыпкі і цымбалы, Невялікі аркестр, а выгляд сталы. Лужанін.

2. Месца перад сцэнай у тэатры, дзе знаходзяцца музыканты.

[Ад грэч. orchēstra — пляцоўка перад сцэнай у старажытнагрэчаскім тэатры.]

аркестрава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад аркестраваць.

аркестрава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да аркестраваць.

аркестрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Выкласці (выкладаць) аркестравы музычны твор у выглядзе партытуры.

2. Перакласці (перакладаць) для аркестра які‑н. музычны твор. Аркестраваць фартэпіянную п’есу.