Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. орды, ‑аў; ж.

1. Назва дзяржаўных утварэнняў, якія вылучыліся пасля драблення мангольскай дзяржавы Чынгісхана, а таксама стаўка, месцазнаходжанне яе правіцеляў. Залатая арда. Крымская арда. Астраханская арда. // Назва саюзаў вандроўных плямёнаў.

2. Мангола-татарскае войска, якое ўварвалася ў межы старажытнай Русі. // Пра полчышчы азвярэлых варожых войск. Фашысцкія орды. □ Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды, Супроць пачвары тупарылай, Што нішчыць сёлы, гарады! Колас.

3. перан. Шумны і неарганізаваны натоўп, зборышча. Наляцелі скурадзёры — Паны чорнаю ардой. Танк.

[Ад цюрк. ordu — палатка хана.]

арда́лія, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.

Спосаб, якім вызначалі ў сярэднія вякі вінаватасць ці невінаватасць абвінавачанага праз катаванне агнём, вадой і пад.

[Лац. ordalia.]

ардына́р, ‑а, м.

Сярэдні за многа гадоў ўзровень вады ў рэчцы або вадаёме. Вада паднялася вышэй ардынара.

[Лац. ordinarius — звычайны.]

ардына́рац, ‑рца, м.

1. Уст. Афіцэр для даручэнняў пры камандуючым.

2. Ваеннаслужачы пры камандзіру або пры штабе для сувязі, выканання асобных даручэнняў і асабістых паслуг.

[Ням. Ordonnanz, фр. ordonnance — веставы.]

ардына́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ардынарнага.

ардына́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які нічым не вызначаецца, звычайны, нават пасрэдны.

2. Уст. У абазначэнні вучоных пасад — штатны, патрэбны паводле штату, які займае кафедру (кіруе кафедрай); проціл. экстраардынарны (звышштатны). Ардынарны прафесар. Ардынарны акадэмік.

[Лац. ordinarius.]

ардына́та, ‑ы, ДМ ‑наце; Р мн. ‑аў; ж.

У геаметрыі — назва аднаго з двух (трох) лікаў, якая вызначае становішча пункта на плоскасці адносна прамавугольнай сістэмы каардынатаў.

[Ад лац. ordinatus — упарадкаваны.]

ардына́тар, ‑а, м.

Доктар бальніцы, клінікі і пад., які лечыць пад кіраўніцтвам загадчыка аддзялення. Ардынатар пры стацыянары.

[Ад лац. ordinator — распарадчык.]

ардына́тарская, ‑ай, ж.

Доктарскі пакой у бальніцы або клініцы.

ардынату́ра, ‑ы, ж.

1. Род практычнай медыцынскай аспірантуры. Клінічная ардынатура.

2. Пасада ардынатара.

3. Уст. Пасада ардынарнага прафесара.