Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.

Разм.

1. да чаго. З прагнасцю накінуцца на што‑н. жаданае; дарвацца. Дапасці да вады. □ Пакуль гаспадыня завіхалася каля стала, рыхтуючы полудзень, Рачкоўскі і Карызна сноўдаліся па пакоі, абодва працятыя нецярплівасцю: Рачкоўскі — каб хутчэй дапасці да яды, а Карызна — каб хутчэй зачаць сваю шчырую споведзь. Зарэцкі.

2. Настойліва імкнучыся, дабрацца куды‑н., да якога‑н. месца. Дзяўчына перайшла Біць і першая дапала ў Муціжанскі лес да броду, перадала партызанам, што іх чакае і што трэба рабіць. Сачанка. // Паспець пабыць. Андрэй усё зробіць, усюды дападзе. Чорны.

дапато́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі даўні, старажытны, які быццам бы існаваў яшчэ да міфічнага біблейскага патопу. Насельнікамі.. лясоў былі ўсялякія звяры, з якіх адна частка дайшла да нашага часу бадай што такімі самымі, як былі, другая частка значна змянілася, а трэцяя зусім знікла, і іх цяпер называюць «дапатопнымі». Маўр.

2. Разм. жарт. і іран. Які выйшаў з ужытку; устарэлы, старамодны. Дапатопныя уяўленні. □ Па новых вуліцах спяшаецца трамвай, І зніклі здані дапатопнай копкі. Хведаровіч.

дапаўза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дапаўзці.

дапаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. дапоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

1. Паўзучы, дасягнуць якога‑н. месца. Поўз [Міхась] на руках, з параненай нагой, толькі ў бялізне. Моўчкі дапоўз да ракі і, не могучы больш, пакаціўся зверху на лёд. Брыль. // перан. Паступова дайсці, пашырыцца да якога‑н. месца. Пад поўнач у некаторыя хаты дапаўзла нясмелая чутка, што «тут начуюць два бальшавікі». Чорны.

2. Разм. Марудна або з цяжкасцю дайсці, даехаць куды‑н. Толькі праз тыдн[і] два цягнік дапоўз ад Масквы да Мінска. С. Александровіч.

дапаўне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. дапаўняць — дапоўніць.

2. Дадатак, дабаўка да чаго‑н. Дапаўненне да інструкцыі. Унесці папраўкі і дапаўненні ў рэзалюцыю.

3. Даданы член сказа, выражаны назоўнікам ускоснага склону або іншай часцінай мовы ў функцыі назоўніка. Прамое дапаўненне. Ускоснас дапаўненне.

дапаўня́льны, ‑ая, ‑ае.

Які выконвае ролю дапаўнення. Дапаўняльны сказ.

дапаўня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да дапоўніцца.

2. Зал. да дапаўняць.

дапаўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да дапоўніць.

дапая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Скончыць паяць што‑н.; давесці паянне да якой‑н. мяжы.

дапе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; зак.

Разм.

1. Хутка даехаць, дабегчы куды‑н. Пан Адам ледзьве ўнёс ногі. Дапёр да самай Варшавы. Новікаў.

2. каго-што. Хутка даставіць куды‑н.