Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дамясі́ць, ‑мяшу, ‑месіш, ‑месіць; заг. дамясі; зак., што.

Закончыць мясіць, замясіць да канца. Дамясіць цеста. Дамясіць гліну.

дамята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дамесці.

дамя́ць, ‑мну, ‑мнеш, ‑мне; ‑мнём, ‑мняце; зак., што.

Закончыць мяць; змяць поўнасцю, да канца. Дамяць лён.

дамяша́цца, ‑аецца; зак.

Дабавіцца, далучыцца да чаго‑н. Да смольнага настою сухое ігліцы дамяшаўся пах бензінавай гары. Беразняк. Да вінтовачных стрэлаў дамяшаліся аўтаматныя чэргі. Дамашэвіч.

дамяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скончыць мяшаць ​1 (у 1, 2 знач.). Дамяшаць раствор.

2. чаго. Дабавіць, далучыць да чаго‑н., змешваючы. Дамяшаць пяску ў гліну.

3. Разм. Скончыць мяшаць ​1 (у 4 знач.). Дамяшаць загон.

дана́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да данайцаў, належыць, уласцівы ім. Данайская культура.

дана́йцы, ‑аў; адз. данаец, ‑найца, м.

Назва аднаго са старажытных грэчаскіх плямён.

•••

Дар данайцаў гл. дар.

данасі́цца, ‑носіцца; зак.

Канчаткова, поўнасцю знасіцца. Боты ўжо данасіліся.

данасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; заг. данасі; зак., каго-што.

1. Скончыць насіць што‑н., перанесці поўнасцю з аднаго месца ў другое. Данасіць дровы ў хлеў.

2. Знасіць зусім, поўнасцю (адзенне, абутак і пад.). Данасіць чаравікі. // Скончыць насіць што‑н. паношанае. Данасіць братаў касцюм.

3. Нарадзіць не раней, як закончыцца нармальны тэрмін цяжарнасці. — Гэта цяжка раджаць?.. — Большай пакуты мусіць на свеце няма. Але ў мяне гэта было таму, што я крыху не данасіла. Чорны.

дане́сці 1, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак., каго-што.

Несучы, даставіць да якога‑н. месца. Данесці рэчы да вагона. □ Жанчына спяшалася, як мага, каб хутчэй данесці да хаты маленькае дзіця. Лынькоў. Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка. // Перамясціўшы, наблізіўшы, зрабіць чутным (гукі, пах і пад.). З вёскі вецер данёс галасы людзей, якія выходзілі з клуба. Сіняўскі. Пах смалісты ад Слуцка і Мінска Ўслед за намі данеслі вятры. Прыходзька. // Захаваць, зберагчы ў сабе да пэўнага часу. Летапісы, што данеслі да нас праз вякі каштоўныя звесткі аб мінулых днях нашай зямлі, неаднаразова успамінаюць пра.. [Полацк] і яго князёў. Штыхаў. Іржанне коней, стогн зямлі, Нямая стоенасць рыданняў... Чаму да сённяшніх світанняў Мы гэта ў сэрцах даняслі? Гаўрусёў. // перан. Давесці да свядомасці, зрабіць даступным, зразумелым. Вялікая справа — умець данесці да народа бальшавіцкую праўду. Шамякін. Паэтычнае слова дапамагала пісьменніку данесці да чытача сваё захапленне жыццём. Адамовіч.

дане́сці 2, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак.

1. Далажыць, паведаміць; зрабіць данясенне. 14 снежня 1905 года мінскі паліцмайстар данёс губернатару, што па Губернатарскай вуліцы выкрыта тайная друкарня. «ЛіМ». Разведка Бумажкова данесла, што, не даходзячы да ракі, танкі перагрупіроўваюцца. Чорны.

2. на каго і без дап. Зрабіць данос, тайна паведаміць. І не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Колас. Паўлюкоўскі шчасліва дабраўся да сваіх Ініцаў, але нехта данёс, што былы чырвоны афіцэр тайком вярнуўся дамоў з Саветаў. Машара.