маставы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да моста (у 1 знач.). Удалечыні з-пад вады тырчалі вострыя пікі ледарэзаў, а між іх у вадзе ляжала ўзарваная маставая ферма. Асіпенка.
•••
Маставы кран гл. кран 2.
мастадо́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Вялізная вымерлая жывёліна, продак слана.
[Ад грэч. mastós — сасок і odús — зуб.]
маста́к, ‑а, м.
1. Творчы работнік у галіне выяўленчага мастацтва (жывапісец, графік, скульптар). Мастак-дэкаратар. Мастак-карыкатурыст. □ Пакуль мастак піша партрэт Роліча, я размаўляю з старым рыбаком. В. Вольскі.
2. Чалавек, які творыць у галіне мастацтва, літаратуры. Мастак слова. □ Чорны — раманіст-эпік, мастак-мысліцель, мастак-інтэлектуаліст. Для яго адным з важнейшых прынцыпаў быў прынцып гістарызму. Дзюбайла.
3. Пра таго, хто дасягнуў высокай дасканаласці ў якой‑н. справе. [Сушылаў] не толькі ўмеў паляваць і рыбачыць, але і гатаваць быў мастак. Шамякін. [Глеб:] — Гаварыць ты не мастак, гэта я ведаю, а думаць над сваім жыцыём кожны павінен. Дуброўскі.
мастаўшчы́к, ‑а, м.
Тое, што і мостабудаўнік.
маста́цкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць мастацкага (у 4, 5 знач.). Крытэрыі мастацкасці.
маста́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мастацтва (у 1 знач.). Мастацкая літаратура. Мастацкі фільм.
2. Які мае адносіны да дзейнасці ў галіне мастацтва. Мастацкі кіраўнік тэатра. // Звязаны з мастацтвам (у 1 знач.). Мастацкая студыя. Мастацкая прамысловасць.
3. Які мае дачыненне да твораў мастацтва. Мастацкая выстаўка. Мастацкі музей. □ [Кіра, Лёдзя і Пракоп] усёй брыгадай наведалі мастацкую галерэю. Карпаў.
4. Уласцівы творам мастацтва. Мастацкі стыль. Мастацкі вобраз. // Які мае адносіны да формы мастацкіх твораў, сістэмы эстэтычных сродкаў і прыёмаў. Мастацкая дасканаласць твора. Мастацкая палітра. Мастацкая дэталь. // Які ўключае ў сябе элементы мастацтва, артыстычнасці. Мастацкая гімнастыка.
5. Які адпавядае патрабаванням мастацтва; эстэтычны. Мастацкі густ.
6. Прыгожы, выкананы з густам. Мастацкая вышыўка.
7. Які мае адносіны да мастака (у 1, 2 знач.). Мастацкія здольнасці.
•••
Мастацкая літаратура гл. літаратура.
Мастацкая самадзейнасць гл. самадзейнасць.
маста́цтва, ‑а, н.
1. Творчая перадача рэчаіснасці ў мастацкіх вобразах. Творы мастацтва. □ [Антон Максімавіч:] — Наша мастацтва толькі тады будзе дзейсным, калі яно наблізіцца да жыцця. Рамановіч.
2. Галіна творчай мастацкай дзейнасці. Прыкладное мастацтва. Партрэтнае мастацтва. Дэкарацыйнае мастацтва. □ Керамічнае мастацтва дасягнула ў Марока яшчэ ў старадаўнія часы вельмі высокага ўзроўню. В. Вольскі.
3. Дасканалае ўменне, майстэрства ў якой‑н. справе, рабоце.
•••
Выяўленчае мастацтва — назва мастацтва, у творах якога вобраз увасоблены на плоскасці ці ў прасторы (жывапіс, скульптура, графіка).
Мастацтва для мастацтва — рэакцыйная эстэтычная тэорыя, якая адмаўляе грамадскае значэнне мастацтва.
Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.
мастацтваве́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Тое, што і мастацтвазнавец.
мастацтвазна́вец, ‑наўца, м.
Спецыяліст у галіне мастацтвазнаўства.
мастацтвазна́ўства, ‑а, н.
Навука аб мастацтве.